З серады маразы пачнуць адступаць і ў Беларусі пацяплее

Арктычны антыцыклон, які прынёс халоднае надвор’е ў нашу краіну, неўзабаве адступіць і ў Беларусі пацяплее.  Пра гэта Еўрарадыё паведаміла загадчыца аддзела метэапрагнозаў рэспубліканскага Гідраметэацэнтра Вольга Фядотава:

"Пачатак гэтага тыдня чакаецца яшчэ халодным. Пад уплывам антыцыклону, сфармаванага ў Арктычных паветраных масах. Таму моцныя маразы ў бліжэйшыя двое сутак захаваюцца. Аднак да серады паўночныя паветраныя патокі зменяцца на паўднёвыя і маразы будуць адступаць".

Тэмпература сённяшняй ноччу будзе вагацца ў межах 14-21 градусаў ніжэй за нуль, а месцамі нават да мінус 25. Заўтра ўдзень – ад мінус 8 да мінус 15. У сераду, 4 лютага, чакаецца слабы мароз да мінус 6, аднак на поўдні краіны слупок тэрмометра можа падняцца нават да 2 градусаў цяпла.

Што тычыцца другой паловы тыдня, то, як кажа Вольга Фядотава, яна можа прынесці адлігу. Аднак разам з ёй з'явіцца і больш ападкаў у выглядзе мокрага снегу і зрэдку дажджу. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі