Вы тут

"Калі б з народам гаварылі "па-людску": як у 1995 годзе баставала мінскае метро

Успамінаем забастоўку метрапалітэна 1995 года / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

"Прыкладна паўмільёна пасажыраў метро трапілі ў нечаканы пераплёт", — напісала "Народная газета" ў жніўні 1995 года.

"Нечаканы пераплёт" — гэта забастоўка работнікаў метрапалітэна. Яна пачнецца 17 жніўня і працягнецца чатыры дні. Будуць звольненыя 16 чалавек.

Еўрарадыё ўспамінае, як у 1995 годзе машыністаў давялі ад перадзабастовачнага стану да забастоўкі.

"Метро ў тупіку?" / "Народная газета"

З чаго ўсё пачалося?

З тралейбусаў. За дзень да таго, як забастоўку абвясцілі метрапалітэнаўцы, баставала першае тралейбуснае дэпо Мінска. А пятай раніцы 100 з 155 машын, якія абслугоўвалі тагачасны праспект Скарыны, не выйшлі на маршруты. Кіроўцы патрабавалі выплаціць ім заробак.

— Мы працуем на старых, разбітых машынах. У дадатак да ўсяго мы вымушаныя ездзіць галоднымі, як патэнцыйныя забойцы. А калі кіроўца страціць прытомнасць за рулём? — тлумачыла журналістам "Народнай газеты" кіроўца Раіса Карыцкая.

"Советская Белоруссия" тады пісала, што заробак затрымліваюць "на некалькі дзён", дый наогул грошы на заробкі ўжо знайшліся, можна зноў за руль.

У першы дзень забастоўкі заступіцца за калегаў у тралейбуснае дэпо прыйшоў старшыня Свабоднага прафсаюза работнікаў метрапалітэна Уладзімір Макарчук. Ён паабяцаў калегам-транспартнікам: заўтра ж, 17 жніўня, метрапалітэн падтрымае іх забастоўку.

Метро збіралася баставаць яшчэ ў ліпені 1995 года. Адміністрацыя не выконвала калектыўнай дамовы: паменшыла адсотак прэміяльных выплат, адмяніла надбаўкі за бяспеку руху. Ад перамоваў, як пісалі газеты, у адміністрацыі ўхілялася.

У той жа дзень, калі сталі тралейбусы, якраз праходзіла сумесная канферэнцыя дзяржаўнага і незалежнага прафсаюзаў метрапалітэна. У выніку тамсама, на канферэнцыі, рабочыя прагаласавалі за стварэнне аб'яднанага прафкама і запатрабавалі адстаўкі начальніка метрапалітэна Уладзіміра Набежкі.

Чытачы беларускіх газет яшчэ не ведалі, што, калі яны раніцай спусцяцца ў метро, іх сустрэнуць таблічкі "метро не працуе па тэхнічных прычынах".

"Станцыя зачыненая па тэхнічных прычынах" / "Советская Белоруссия"

СБ апісвала раніцу ў горадзе так:

"Велізарныя натоўпы абураных і засмучаных людзей, якія літаральна аблажылі аўтобусныя, тралейбусныя прыпынкі і ўваходы ў метрапалітэн".

 

Грошы не галоўнае

А сёмай раніцы 17 жніўня да забастоўшчыкаў прыехаў мэр Мінска Уладзімір Ярмошын. Рабочыя сказалі яму, што з нявыплатай зарплаты змірыцца могуць. Патрываюць — "на карысць настаўнікаў".

Заробак у метрапалітэнаўцаў тады быў нядрэнны. Сярэдняя намінальная зарплата па Мінску ў 1995 годзе — каля мільёна рублёў, у метрапалітэнаўцаў, пісала "Народная газета", — каля трох мільёнаў. Праўда, плацілі яго з затрымкай: толькі ў жніўні людзі атрымалі аванс за ліпень.

Але і гэта была не галоўная праблема. Людзі не хацелі мірыцца з пагардай, якую бачылі ў тым ліку ў невыкананні калектыўнай дамовы.

— Увесь канфлікт разгарэўся праз непаважлівыя паводзіны. Калі з народам размаўляць па-людску, ён заўсёды пойдзе на саступкі. Мы — цярплівыя. З красавіка выкарысталі ўсе цывілізаваныя спосабы сесці з адміністрацыяй за стол перамоваў, аж да звароту ў суд і пракуратуру. Безвынікова, — тлумачыў журналістам Макарчук.

Для перамоваў з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама забастоўшчыкі стварылі спецыяльную камісію. Але калектыў забараніў ёй весці дыялог з уладай, пакуль застаецца на пасадзе кіраўнік метрапалітэна.

Ярмошын паспрабаваў знайсці кампраміс і прапанаваў забастоўку адкласці, а начальніка метрапалітэна адправіць на некалькі месяцаў у адпачынак. Яму адказалі адмовай, і мэр пайшоў раіцца ў Мінгарвыканкам.

 

"Не вельмі і маральна"

Рэпартаж з месца падзей у "Советской Белоруссии", у якім супрацоўнікі метрапалітэна тлумачаць сваю пазіцыю, суправаджае разгорнуты каментар. У ім газета выказвае незадаволенасць забастоўшчыкамі.

"Сёння індустрыяльны горад цесна аплецены ўзаемапранікальнымі праблемамі. Праз акцыю метрабудаўцаў тысячы рабочых не паспелі да ранішняй змены на трактарны, маторны, аўтазавод. Да канца дня нам паведамілі, што шкоду, прычыненую забастоўкай, падлічыць немагчыма, але можна гаварыць пра сотні мільёнаў рублёў".

Забастоўка метрапалітэна / "Советская Белоруссия"

У газеце пісалі, маўляў, так, праблем у транспартнікаў шмат, магчыма, яны звязаныя з некампетэнтным кіраўніцтвам. Але "выбіваць свае патрабаванні праз сілавы націск, па сутнасці справы, за кошт іншых, не вельмі і маральна".

Далей малюецца змрочная карціна, у якой баставаць пачынаюць наогул усё. Пачынаючы, зразумела, з работнікаў хуткай дапамогі.

Журналісты пытаюцца думкі старшыні савета Федэрацыі прафсаюзаў Уладзіміра Ганчарыка. Ён кажа, што "забастовачнага ўсплёску" прафсаюзы чакалі даўно.

"Трывога і прывяла за стол перамоваў з урадам, у якіх мы дасягнулі хай часовых, хай усяго на тры месяцы, але ўзгодненых мер, здольных хоць трохі аблегчыць становішча вытворчай сферы".

Ганчарык заўважае, што ў адрозненне ад кіроўцаў тралейбусаў, якія баставалі у Гомелі, мінскія машыністы нават не патрабуюць падвышэння заробкаў. Яны пратэстуюць супраць аднабаковага парушэння адміністрацыяй калектыўнай дамовы. Гэта значыць, як і казаў Макарчук, проста шукаюць чалавечага стаўлення.

"Аднак тое, што яны звярнуліся да такой крайняй меры пратэсту, не прайшоўшы прадугледжаную законам працэдуру, якая папярэднічае абвяшчэнню забастоўкі, — гэта, вядома, не красіць работнікаў галіны".

Самі ж работнікі галіны кажуць: яны звярталіся і ў суд, і ў пракуратуру з просьбай заступіцца за іх правы. Але пачулі іх, толькі калі стала метро, а завадчане селі ў аўтобусы.

 

Пра забастоўку ведалі не ўсе рабочыя

І хоць прафсаюзы ведалі, што забастоўка рана ці позна здарыцца, пачалася яна нечакана нават для некаторых рабочых.

"На жаль, забастоўку правялі так, што нават цяпер вельмі цяжка разабрацца, чаму найшла каса на камень", — пісала "Народная газета", калі рух у метро ўжо аднавіўся.

Усяго ў мінскім метро тады працавала 1,6 тысячы чалавек. У электрадэпо, якое было ядром забастоўкі, — каля 350. Журналісты высветлілі, што не ўсе супрацоўнікі былі ў курсе таго, што забастоўка ўсё ж пачалася.

— Напрыклад, электрыкі ў мінулы чацвер выйшлі на працу, не маючы дакладнай інфармацыі пра тое, што вырашыла канферэнцыя і якія канкрэтныя патрабаванні арганізатараў забастоўкі. Электрыкі нават раз'ехаліся па сваіх працоўных месцах на іншыя станцыі, але на тралейбусах. Выйшлі на працу і рабочыя, якія абслугоўваюць эскалатары. Спешка з забастоўкай прывяла да таго, што нават у сваім калектыве інфармацыя прасочвалася самая супярэчлівая.

А хтосьці выйшаў на працу з клопату пра само метро.

— Калі б мы забаставалі ўсе, то ўжо праз некалькі гадзін станцыі маглі б апынуцца проста пад вадой. Бо ў нас акрамя цягнікоў яшчэ велізарная колькасць усякага абсталявання, напрыклад, помпы, якія адпампоўваюць грунтавыя воды. А калі б станцыя апынулася пад вадой, аднавіць метро наўрад ці ўдалося б.

 

Чым усё скончылася: новых навучым

Так прайшлі чатыры дні. А на пяты дзень, у панядзелак, цягнікі ў метро пайшлі па сваіх пуцях, хоць і ва ўрэзаным складзе. На першай лініі замест 13 цягнікоў працавалі 8, на другой замест 12 — 7.

"Пасажыры ціха радаваліся, як нядобры сон успамінаючы жах тых чатырох дзён", — так апісвае газета першыя гадзіны адноўленай працы метро.

Пасля забастоўкі працу страцілі 16 чалавек, паведамлялі тады газеты. Пазней пісалі — нашмат больш.

Многія напісалі заявы аб тым, што баставаць адмаўляюцца. Адсутных спецыялістаў замянілі чыгуначнікамі.

Пакуль журналіст "Народнай газеты" размаўляў з начальнікам дэпо, адзін з звольненых якраз прыйшоў па працоўную кніжку. Ён і расказаў карэспандэнту ўсё, што думаў пра замену машыністаў метро чыгуначнікамі:

— Чатыры гады таму я таксама прыйшоў сюды з чыгуначных машыністаў. Меў 1-ы клас. Мяне навучалі па паскоранай праграме ажно 2 месяцы. Вось жа тут хочуць за 2 дні. Хоць радніць машыністаў метро і чыгункі толькі аднолькавая шырыня каляіны. А найпершы ж абавязак машыніста — забеспячэнне бяспекі пасажыраў пры выкананні графіка руху.

Гэтая размова перарываецца пытаннем "двух дужых хлопцаў у цывільным".

— Прабачце, вы — Пуськоў? Вам позва ва УУС. Пройдзем з намі.

Звальненні пасля забастоўкі / "Народная газета"

"Арганізацыя і актыўны ўдзел"

Машыніста павялі, а аўтар артыкула патэлефанаваў намесніку мінскага пракурора Уладзіміру Рэўту. Высветлілася, што Мінская транспартная пракуратура прад'явіла пазоў да прафсаюзаў электрадэпо "Маскоўская". Забастоўку запатрабавалі прызнаць незаконнай. Але ні адзін забастоўшчык, па яго звестках, не быў арыштаваны або затрыманы.

Але прадстаўніка Свабоднага прафсаюза работнікаў метрапалітэна Уладзіміра Макарчука і старшыню прафсаюза работнікаў чыгуначнага транспарту Мікалая Кахана ва УУС даставілі. Таму што яны не з'явіліся ў суд па позве.

"Абодва даюць паказанні ў сувязі з завядзеннем крымінальнай справы па факце арганізацыі і актыўнага ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія парушылі грамадскі парадак і пацягнулі за сабой парушэнне руху транспарту", — тлумачыла газета.

Суд над Макарчуком і Канахам прайшоў у панядзелак. І пасля суда іх, як пісала "Народная газета", "павезлі ў невядомым кірунку". Папаўзлі чуткі, што затрыманыя лідары прафсаюзаў, а з імі і ўсе 16 звольненых забастоўшчыкаў зніклі.

Куды зніклі забастоўшчыкі / "Народная газета"

Пазней "Народная газета" пісала, што з Макарчуком і Канахам "выйшаў казус". Пасля суда іх павінны былі адпусціць, але міліцыя гэтага не зрабіла. Дзе прафсаюзныя лідары, ніхто не ведаў. Прэс-службы УУС Мінгарвыканкама і МУС таксама нічога не казалі журналістам. Хтосьці спасылаўся на некампетэнцыю, хтосьці — на занятасць.

За пошукі метрапалітэнаўцаў узяліся народныя дэпутаты Валянцін Голубеў і Сяргей Навумчык. Толькі ўначы ім удалося высветліць, што 20 забастоўшчыкаў знаходзяцца на тэрыторыі мінскай вайсковай часці ўнутраных войскаў МУС. Іх затрымалі яшчэ раніцай, калі на радасць мінчукам пачалі хадзіць цягнікі метро.

Лідараў жа забастоўкі пакаралі суткамі. Кіраўніку Свабоднага прафсаюза Генадзю Быкаву далі 10 сутак, Макарчуку — 15.

"Прафсаюзы ў каталажцы" / "Народная воля"

Аляксандр Лукашэнка сваім указам прыпыніў дзейнасць Свабоднага прафсаюза да 19 снежня 1997 года.

"У мэтах забеспячэння палітычнай і эканамічнай стабільнасці, ліквідацыі супярэчнасці дзейных законаў і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, умацавання дысцыпліны і правапарадку, прадухілення незаконных забастовак і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь пастанаўляю:

<...>

2. Пракуратуры ўнесці ў адпаведныя суды прадстаўленні аб забароне дзейнасці Свабоднага прафсаюза Беларусі і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Мінскага метрапалітэна прафесійнага саюза чыгуначнікаў і транспартных будаўнікоў Рэспублікі Беларусь".

Гэты ўказ Канстытуцыйны суд двойчы прызнаваў неадпаведным Канстытуцыі. Толькі пасля таго як у справу ўмяшалася Міжнародная арганізацыя працы, прафсаюз аднавіў працу.
 

Польскі след

Калі сітуацыя настолькі напальваецца, рана ці позна хтосьці пачне шукаць амерыканскі след і інтрыгі Польшчы.

У амбасадзе ЗША з 1992 года праводзіў семінары Амерыканскі інстытут свабодных прафсаюзаў. Прафсаюзных лідараў вучылі, як заключаць дамовы з адміністрацыяй, вывучалі, якія правы гарантуе рабочым беларускае заканадаўства.

"Усё гэта вельмі падазрона!" — вырашыў Лукашэнка і звязаў семінары з арганізацыяй забастоўкі.

ЗША адмаўляюць сваю сувязь з забастоўкай / "Народная воля"

У амбасадзе ЗША тады афіцыйна заявілі: сваё дачыненне да забастоўкі мінскага метро адмаўляюць.

Віну ўскладалі і на польскую "Салідарнасць". Польшча заявіла, што адносіны прафсаюзаў і "Салідарнасці" тычацца толькі прафсаюзаў і "Салідарнасці".

"Адносін паміж нашымі дзяржавамі такія кантакты не тычацца, бо прафсаюзы — недзяржаўныя арганізацыі. І ўжо як яны адзін аднаго падтрымліваюць — ці то фінансава, ці то маральна, і ці падтрымліваюць наогул, тычыцца толькі беларускіх свабодных прафсаюзаў і "Салідарнасці". Гэтую заяву можна лічыць афіцыйным меркаваннем польскай амбасады ў Беларусі", — цытавала "Народная газета".

Абвінавачваючы трэція краіны, Беларусь, зрэшты, не вельмі цікавілася тым, што пра яе думаюць у тых самых краінах. МЗС папрасіў не ўмешвацца ва ўнутраныя справы:

"Падзеі вакол забастоўкі — гэта выключна ўнутраная справа нашай дзяржавы", — сказалі ў МЗС і папрасілі аб'ектыўнай ацэнкі пры асвятленні працэсаў, якія адбываюцца ў Беларусі.
 

Ірвацтва, "дэстабілізацыя сітуацыі" або законнае права?

Як і мноства разоў пасля, многія не павераць, што людзі могуць выказаць незадаволенасць проста таму, што з імі адмовіліся пагаварыць "па-людску".

"Народная воля" публікуе вынікі апытання Незалежнага інстытута сацыяльных, эканамічных і палітычных даследаванняў пры садзейнічанні Беларускага фонду Сораса. Пасля забастовачнага лета большасць апытаных выказалася за тое, што ўвосень забастовак чакаць не давядзецца.

Гаворачы пра забастоўку работнікаў метро, 37,2% рэспандэнтаў назвалі яе незаконнай акцыяй, але частку віны ўсклалі на адміністрацыю метро і гарадскія ўлады.

Прыкладна 26,7% апытаных лічаць, што акцыя хоць і незаконная, але ўлада перастаралася, а дзеянні па задушэнні забастоўкі былі неапраўдана жорсткія. Прыкладна столькі ж — 27,9% — палічылі, што дзеянні па задушэнні забастоўкі былі грубым парушэннем закона.

Яшчэ крыху больш за 20% выказаліся за тое, што людзі мелі права такім чынам адстойваць свае правы.

Дзеянні забастоўшчыкаў парушылі закон — так лічылі 12,8% рэспандэнтаў. Яшчэ каля 10% назвалі яе "праявай калектыўнага эгаізму". Каля 7% апытаных лічаць, што гэта спроба Захаду "дэстабілізаваць сітуацыю". Меншасць — 2,3% — мяркуюць, што забастоўка — "ірвацтва тых, хто і так зарабляе шмат".
 

А што з тралейбусамі?

Вы не паверыце, але тут суд апраўдаў Свабодны прафсаюз. Забастоўку прызналі незаконнай, але стыхійнай. Ніхто яе спецыяльна не планаваў. Прычына — рэгулярная затрымка заробкаў, а таксама "асобныя некарэктныя выказванні кіраўнікоў прадпрыемства".

Чым скончылася гісторыя з забастоўкай тралейбусаў / "Народная газета"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.