З Бяляцкага патрабуюць выплату падаткаў за час, калі ён сядзеў у калоніі

З Бяляцкага патрабуюць выплату падаткаў за час, калі ён сядзеў у калоніі

6 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе разглядалі скаргу палітвязня Алеся Бяляцкага на падаўжэнне тэрміну ўзяцця пад варту. Суддзя Яўген Хаткевіч пакінуў скаргу без задавльнення: праваабаронца застанецца за кратамі, дзе знаходзіцца з 14 ліпеня.

Як пішуць праваабаронцы "Вясны" з раскладу суда стала вядома, што Бяляцкаму выставілі абвінавачванне толькі па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Максімальнае пакаранне — да 7 гадоў пазбаўлення волі. 

Раней фігуравала яшчэ і абвінавачанне ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).

У абвінавачанні гаворыцца, што Алесь Бяляцкі сумесна з Уладзімірам Лабковічам, Валянцінам Стэфановічам, Дзмітрыем Салаўёвым "і іншымі невыяўленымі асобамі" кіравалі працай праваабарончага цэнтра "Вясна" пасля яе ліквідацыі Вярхоўным судом у 2003 годзе і не плацілі падаткаў. Пра тое, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў гэтую ліквідацыю незаконнай і абавязаў Беларусь правесці перарэгістрацыю "Вясны", у абвінавачанні не згадваецца.

Па звестках абвінавачання, з 2013-га па 2020 год кіраўніцтвам "Вясны" было недаплочана падаткаў на суму не менш за 113 тысяч 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў.

Дарэчы, у 2011-м годзе Бяляцкага ўжо судзілі за фінансы "Вясны" — тады яго прызналі вінаватым ва ўтойванні даходаў і прысудзілі 4,5 года калоніі. На волю ён выйшаў толькі ў чэрвені 2014-га па амністыі. Якім чынам абвінавачанне налічыла нявыплату падаткаў за час, калі Бяляцкі сядзеў у калоніі — незразумела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі