"З 60 экзэмпляраў Статута ВКЛ - ніводнага няма ў Беларусі"

120515 BacyukouS.mp3

Еўрарадыё: Чаму музей хоча выкупіць Статут? Няўжо няма нейкай праграмы вяртання каштоўнасцей, вывезеных падчас вайны?

Аляксей Бацюкоў: Вядома, існуе такая праграма, існуе і фонд культуры і г.д. Але ж мы адказваем за сваю работу. Чалавек, з якім мы даўно супрацоўнічаем, перадаў нам інфармацыю, што кніга гэтая прадаецца на электронных аўкцыёнах. Дык мы і ўзяліся за гэта. Цяпер, каб выкупіць, нам трэба максімальна шырока абвясціць, што гэта вельмі важна для беларусаў. Арыгіналу Статута ВКЛ у Беларусі няма ніводнага.

Еўрарадыё: Ці можаце падрабязней распавесці пра той асобнік, які хоча набыць музей?

Аляксей Бацюкоў: Цяпер у мяне ў руках заключэнне Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі, якое сведчыць, што гэтая кніга – віленскае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага з друкарні Мамонічаў 1594-1595 гадоў. Статут 1588-га года друкаваўся тройчы: уласна ў 1588-ым годзе, потым у 92-93-ім гадах, і яшчэ раз у 94-95-ым гадах (адпаведна XVI стагоддзя). Гэтыя тры выданні былі на старабеларускай мове, яны лічацца арыгіналамі і мелі юрыдычны статус закону. Уласна кажучы, менавіта гэтыя выданні і мелі сілу закона. Потым, ужо ў ХVII-ым стагоддзі друкаваліся пераклады на польскую мову, потым – на рускую мову, на іншых мовах, але менавіта гэтыя тры выданні лічацца найбольш важнымі, істотнымі для нас. Гэтыя кнігі потым разышліся па свеце. У свеце цяпер ёсць каля 60 экзэмпляраў наогул усіх гэтых трох выданняў. З іх – 29 экзэмпляраў менавіта гэтага трэцяга выдання, пра якое мы цяпер гаворым. Гэтых экзэмпляраў ёсць па некалькі асобнікаў у Вялікабрытаніі, у Польшчы, у Літве, у Расіі, ва Украіне, а ў нас – ніводнага.

Еўрарадыё: А як так атрымалася, што ў нас няма ніводнага экзэмпляра?

Аляксей Бацюкоў: Варта ўспомніць усю нашу шматпакутную гісторыю, каб зразумець, як гэта магло быць. Столькі войнаў! Столькі вывазаў каштоўнасцяў з тэрыторыі Беларусі! Цяпер трэба вяртаць тое, што мы страцілі.

Еўрарадыё: Чаму абралі менавіта гэты экзэмпляр, які апынуўся ў Маскве? Ці не было нейкіх таннейшых варыянтаў?

Аляксей Бацюкоў: Рэч у тым, што такія лоты не так часта і з’яўляюцца. Гэта не мая ўласная інфармацыя. Паводле пэўнай інфармацыі, Беларусь хацела ўжо некалі купіць адзін экзэмпляр у Літве, але прадаць Статут забараніла літоўскае Міністэрства культуры. То бок, яны самі не хочуць, каб гэтыя асобнікі пакідалі іх краіну. Цяпер мы маем гэты экзэмпляр на продажы. Што прадаюцца нейкія іншыя экзэмпляры – я не ведаю. Калі ёсць такая інфармацыя ў кагосьці са слухачоў – калі ласка, дзяліцеся інфармацыяй. Цяпер ёсць толькі гэты лот, ён каштуе 45 000 долараў, прычым, грошы гэтыя трэба збіраць хутчэй, бо прадавец прасіў, каб для забеспячэння здзелкі мы далі яму ўжо 10% ад сумы.

Еўрарадыё: А чаму дзяржава не можа набыць гэты экзэмпляр для музея?

Аляксей Бацюкоў: Я чалавек, які займаецца сваёй уласнай гаспадаркай, я не магу сказаць вам. Гэта прыкладна 360 мільёнаў беларускіх рублёў. Для таго, каб такія пакупкі ажыццяўляліся, яны павінны быць загадзя занесеныя ў праграму расходаў бюджэту. Гэта робіцца за паўгода да таго, як пачынаецца каляндарны год. Я цудоўна разумею, што не так і лёгка чыноўнікам дзесьці знайсці гэтыя грошы. Бюджэт жа зацвярджаецца. Купіш гэты асобнік, а потым не даплаціш недзе зарплаты… Я магу знайсці такое тлумачэнне. А інфармацыя, што асобнік гэты з’явіўся ў продажы, толькі днямі з’явілася. Не трэба думаць, што ніхто не хоча дапамагаць. Проста мы толькі пачалі працэс збору грошай.

Еўрарадыё: Дапамагчы вярнуць гэты экзэмпляр можа кожны беларус. Якім чынам?

Аляксей Бацюкоў: Мы размясцілі ў СМІ па Магілёўскай вобласці пераважна ды на сваім сайце інфармацыю пра тое, на які рахунак можна пераслаць грошы. Дабрачынны рахунак адкрыты пакуль толькі ў беларускіх рублях. Пазней мы адкрыем валютныя рахункі (гэта таксама справа не аднаго дня), а інфармацыю пра іх размесцім на сваім сайце.

Пералічыць грошы можна на рахунак музея.

УК “Музей гісторыі Магілёва” 212030 Магілёў, вул.Ленінская, 1А

УНП 790203960

Філіял 700 МАУ ААТ “АСБ Беларусбанк” МФО 153801536

р/р 3642014673147

Магілёў, вул. Першамайская, 71

Дырэктар Бацюкоў Аляксей Мікалаевіч (дзейнічае на падставе Статута)

У прызначэнні плацяжу неабходна ўказаць: “На развіццё музейнай справы і ахову гісторыка-культурнай спадчыны (для набыцця Статута ВКЛ)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі