“Ён ударыў першы”. Мінсктранс пракаментаваў бойку кантралёра з “зайцам”

“Ён ударыў першы”. Мінсктранс пракаментаваў бойку кантралёра з “зайцам”

У кантрольна-рэвізійнай службе Мінсктранса Еўрарадыё выклалі сваю версію чарговай бойкі кантралёра і “зайца” побач з прыпынкам на Плошчы Перамогі. Па словах прадстаўнікоў арганізацыі, безбілетнік сам напаў на кантралёра, а перад тым паспрабаваў збегчы. Міліцыю чакалі паўгадзіны.
 
“Быў выяўлены безбілетны пасажыр, у якога быў неаплачаны праезд. Для складання пратакола ці пастановы яго папрасілі выйсці на прыпыначным пункце, ― распавялі Еўрарадыё ў Мінсктрансе. ― Ніякіх дакументаў у мужчыны пры сябе не было, быў выкліканы нарад міліцыі.
 
Праз паўгадзіны чакання пасажыр пачаў казаць, што больш не можа тут быць, і паспрабаваў сысці. Кантралёр папярэдзіў, што той не падпарадкоўваецца законным патрабаванням, пакідае месца адміністрацыйнага правапарушэння. Пачаўся канфлікт, цягам якога мужчына ўдарыў кантралёра, у адказ на што той не вытрымаў і пачаў абараняцца”.

 
Кантралёр пабіўся з “зайцам” 21 чэрвеня прыкладна а 19-й гадзіне. Відавочцы сцвярджаюць, што безбілетнік быў нападпітку. Адзін са сведак здарэння зняў яго на відэа. Паміж пасажырам і кантралёрам адбываецца канфлікт, падчас якога кантралёр б’е “зайца” па твары.

Па словах прадстаўніка Мінсктранса, ніякіх санкцый у дачыненні да кантралёра не прынята. Ён нават не адхілены ад працы ― 22 жніўня ён можа і вас злавіць на адным з гарадскіх маршрутаў. Што праўда, неўзабаве будзе праведзеная нарада з удзелам кантралёра, дзе будзе разглядацца здарэнне.
 
Кантралёр напісаў заяву пра ўжыванне фізічнай сілы, абразаў і пагрозаў. Па факце неправамерных паводзін “зайца” міліцыяй будзе праведзеная праверка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі