Вы тут

Яшчэ адна памылка на Рэвалюцыйнай: “Ъ” у старой назве Мінска

Што зрабілі і што планавалі: знайдзіце 10 адрозненняў.

Крышкі люкаў на турыстычных вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай у цэнтры Мінска паржавелі пасля першага ж дажджу і хістаюцца пад нагамі мінакоў. Але гэта яшчэ не ўсё: будаўнікі ўхітрыліся зрабіць некалькі памылак у слове “Мінск”!

На крышках люкаў назва сталіцы Беларусі напісаная на розных мовах свету. Напачатку ліпеня Юрый Зісер заўважыў, што надпіс на ідыш зроблены не справа налева, як мусіць быць, а злева направа.

“Літары ў слове "Мінск" на ідыш і на арабскай мове ідуць задам наперад, гэта значыць "Кснім". Брава камунальнікам-паліглотам!” — піша бізнесовец.

Напачатку ХХ стагоддзя Мінск быў невялікім, але шматнацыянальным губернскім горадам. Вядома, што на шыльдзе чыгуначнага вакзала слова “Мінск” было напісана на чатырох мовах: беларускай, рускай, польскай і ідыш. Да рэканструкцыі, што скончылася ў чэрвені 2018 года, забудова вуліцы Рэвалюцыйнай належыла якраз да канца XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Вырабам люкаў займалася прадпрыемства "Тэрмет" з Баранавічаў. Еўрарадыё атрымала макеты, якімі карысталіся ліцейшчыкі. На іх слова "Мінск" на ідыш напісана правільна!

"Надпісы на люках будуць мяняцца, гэта наш касяк, — распавядае Еўрарадыё дырэктар “Тэрмета” Сяргей Якубоўскі. — Праграма аўтаматычна перакінула шрыфт, люстэркава адбіла. З "Гугл перакладчыка" закідвалі надпіс. Пра памылку мы ведаем, будзем выпраўляць".

Выпраўляць памылкі — гэта добра, але для справядлівасці мы ўсё ж хацелі б заўважыць, што Google Translate правільна перакладае "Мінск" на ідыш:

Паралельна знайшлася яшчэ адна памылка — у слове “МЪНЬСКЪ”, якое быццам бы з’яўляецца гістарычнай назвай Мінска. “Ъ” — “ер” — у дарэвалюцыёнай арфаграфіі выкарыстоўваўся ў ненаціскной пазіцыі і для абазначэння цвёрдых гукаў пры канцы словаў. Слушна было б напісаць назву горада праз літару “ѣ” — менавіта такі варыянт утрымліваецца ў макеце, якім карысталіся будаўнікі. Але літару “яць” памянялі на “ъ”, які немаведама чаму модна піхаць у беларускія назвы.