Якая будзе кампенсацыя, не ведаюць нават самі ахвяры выбуху ў Мінску

Пра кампенсацыі ахвярам выбуху ў Мінску пакуль нічога не чуваць. Праз некалькі дзён пасля выбуху ў ноч з 3-га на 4-е ліпеня ўлады паабяцалі, што выплацяць кампенсацыю ўсім пацярпелым. Аднак ахвяры пакуль нічога не атрымалі. Пацярпелая Лілія дагэтуль знаходзіцца ў 6-й лякарні. Ёй толькі 2 дні таму знялі трубкі, да якіх яна была падлучаная. Яна пачала рабіць першыя крокі. Кажа, што пра кампенсацыю ёй мімаходзь расказаў загадчык аддзялення бальніцы.

Лілія: “Нічога не далі. Я яшчэ ў шпіталі. Мне яшчэ нават швы з ног не знялі. Загадчык аддзялення казаў, што па спісах я іду другая па ступені цяжкасці, па патрэбах у кампенсацыі. У мяне шэсць нітаў у назе было. Мне тры аперацыі ўжо зрабілі. Больш пра кампенсацыю я пакуль не чула”.

Сваю кампенсацыю 28-гадовая Лілія плануе аддаць на тое, каб прыбраць вялізны шнар, што застаўся пасля трох аперацыяў.

Лілія: “Пайшла я на гэтае свята. Я што, вінаватая, што так усё атрымалася? Я тут праляжала месяц, і яшчэ невядома, як я гэтую нагу распрацую. Таму што сказалі, калі калена згінаць не буду, то атрафіруецца нешта і ламаць трэба будзе. Цяпер я так пакутую. Мне 28 год! А шнар на ўсю нагу. У мяне цалкам абязвечана нага. А ў мяне такіх грошай няма, каб потым яшчэ па клініках ездзіць, за свае грошы рабіць аперацыі”.

Еўрарадыё зацікавілася, якой павінна быць кампенсацыя, каб Ліліі як мінімум хапіла на аперацыю. У лячэбна-кансультатыўным цэнтры Sante, да прыкладу, прыбраць шнар у 2-3 сантыметры каштуе ад 70 долараў. У клінічным цэнтры пластычнай хірургіі і медыцынскай касметалогіі прыбраць адзін квадратны сантыметр шнару каштуе 25 тысячаў. То бок, аперацыя для Ліліі, шнар якой каля двух з паловай пядзяў, можа абысціся ад 1 мільёну 250 тысячаў да больш за тысячу долараў.

Адвакатка Вера Страмкоўская мяркуе, што кампенсацыю мусіць выплаціць дзяржава, бо менавіта яна ўзяла на сябе адказнасць за бяспеку ўдзельнікаў свята 3 ліпеня.

Вера Страмкоўская: “Калі дзяржава павінна была забяспечыць, тое, каб правядзенне гэтага мерапрыемства не перашкодзіла жыццю і гарантавала бяспеку, то гэта ўсё вінная дзяржава, УУС Мінгарвыканкама. Таму што яны забяспечваюць парадак пры правядзенні масавых мерапрыемстваў”.

Памер кампенсацыі будзе вызначаць сама дзяржава. Аднак, калі пацярпелыя будуць незадаволеныя, яны змогуць звярнуцца ў суд, гаворыць Вера Страмкоўская:

Вера Страмкоўская: “Калі гэта будзе нейкая пастанова, якую яны прымуць самі, і задаволеныя будуць людзі, якім было ўчынена пашкоджанне, то калі ўсе пагодзяцца, гэта будзе нармальна. А калі не, то пацярпелыя могуць тады звярнуцца ў судовыя інстанцыі і патрабаваць іншай нейкай кампенсацыі”.

Праект кампенсацыі распрацаваны Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны. Аднак у самім Міністэрстве нам адмовіліся каментаваць сітуацыю з выплатамі. Дагэтуль у няведанні застаюцца нават самі ахвяры інцыдэнту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі