Як выглядае першы беларускі буквар з мультфільмамі

Новы беларускі "Буквар"
Новы беларускі "Буквар"

З гэтага года школьнікі будуць вучыць беларускую мову па новым буквары. Для кожнай літары алфавіта аніматары "Беларусьфільма" стварылі мультфільм. У канцы мультфільма яго героі паўтараюць з дзецьмі вывучаныя словы.
 

Дзе Кірыліца, там і к'юар-код

Галоўная гераіня новай кнігі — дзяўчынка Кірыліца. Сустрэў у буквары Кірыліцу — значыць, дзесьці побач ёсць к'юар-код, на які трэба навесці смартфон, каб паглядзець мульцік.

Кірыліца дае дзецям парады, тлумачыць значэнне незразумелых слоў і расказвае, як шукаць інфармацыю ў дадатковых крыніцах.

Как выглядит первый белорусский букварь с мультфильмами
Новы буквар для школ з беларускай мовай навучання / Еўрарадыё

Ёсць і іншыя героі. Жэўжык будзе вучыцца разам з першакласнікамі, ён пакуль таксама дрэнна навучаны беларускай грамаце. Ёсць яшчэ героі Бім і Бом — гэта сябры гукаў.

Дырэктар "Беларусьфільма" Уладзімір Карачэўскі сёлета таксама аддаў дзяцей у першы клас, так што літаральна асабіста быў зацікаўлены ў тым, каб буквар і яго мультыплікацыйная праграма ўдаліся.

"Ёсць не толькі "Дашыны прыгоды", ёсць і нашы беларускія мульцікі", — кажа Карачэўскі.

Чаму Кірыліца будзе вучыць дзяцей

У дадатак да буквара распрацавалі вучэбна-метадычны комплекс. Пропісі сёлета таксама новыя, там ёсць дадатковая пункцірнай лінія, якая дапамагае правільна напісаць літару.

У дадатковых матэрыялах таксама актыўна выкарыстоўваюць дапоўненую рэальнасць: на выпадак, калі першаклашкі засталіся дома адны і ім няма ў каго спытаць парады. Можна навесці смартфон на к'юар-код, і ім раскажуць, як пішуцца забытыя літары.

 

Пётр I вучыўся па беларускім буквары

Прыкладна чатырыста гадоў таму беларусы першымі ў свеце прыдумалі буквар. Пісаць вучылі і вучыліся і раней, але буквароў не было.

"Буквар — адзін з брэндаў Беларусі. Беларусы ў свой час прыдумалі і выдалі першую ў свеце кнігу з назвай "Буквар". У 2018 годзе мы прэзентавалі тут кнігу з такой назвай", — расказвае на прэзентацыі новага буквара намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша.

Как выглядит первый белорусский букварь с мультфильмами
Першы ў свеце буквар / eparhiya.by

У свеце застаецца ўсяго адна копія арыгінала першага беларускага буквара. І ён знаходзіцца за мяжой. Суша асабіста знайшоў яе і аблічбаваў, гэтую аблічбаваную копію прывёз у Беларусь.

"Пісаць вучыліся і раней. Алфавітныя запісы былі на сценах храмаў, былі створаны шматлікія граматыкі, але са стварэння першага "Буквара" пачалася новая эпоха. З таго часу з'явілася мноства буквароў на розных мовах".

Суша нагадвае, што самыя папулярныя буквары ў розных краінах на працягу многіх стагоддзяў ствараліся беларусамі або пад уплывам беларусаў. Буквар для Пятра I, напрыклад, падрыхтаваў Сімяон Полацкі.

Стваральнікам новага беларускага буквара пажадалі, каб праз чатырыста гадоў пра калектыў аўтараў сказалі — ну да чаго ж былі таленавітыя людзі!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі