Як песня "Ляпіса Трубяцкога" трапіла ў рэкламу квасу

Па тэлевізары ваўсю рэкламуюць беларускі квас пад знакамітую "Ляпісаўскую" песню "Это Любовь (В платье белом)". Што, натуральна, дзіўна: "Ляпісы", здаецца, ніколі не былі заўважаныя ў рэкламах напояў, адзення і цыгарэт. Падчас гучання голасу Міхалка (гэта цягнецца амаль 40 секунд) адбываецца рамантычная гісторыя "пра тое, як любоў да квасу дорыць станоўчыя эмоцыі аб'ядноўвае пазітыўных людзей".

"Ляпіс" ― гэта крута! "Ляпіса" ведаюць усе. І гэта песня, якая выдатна адлюстроўвае пазіцыянаванне брэнда, падыходзіць пад настрой. Гэта твор, які ўваходзіць у ТОП-10 самых папулярных беларускіх песень за апошнія 20 гадоў. Мы лічым, што мы "патрапілі" з песняй. Бо ўсе, хто аднойчы ўбачыў ролік, кайфуюць, бо з песняй звязаныя прыемныя ўспаміны", ― распавядае Еўрарадыё Дзмітрый Апаленіс, крэатыўны дырэктар кампаніі AIDA Pioneer, якая зняла ролік.

У святле апошніх падзей, калі беларускія музыкі пачалі пільна сачыць за сваімі аўтарскімі правамі, мы запыталі пра дазвол ад "Ляпісаў" круціць іх старую песню па тэлевізары. Да таго ж, як вядома, Сяргей Міхалок яшчэ ў "ляпісаўскія" часы адрокся ад старых песень. Дзмітрый Апаленіс запэўнівае, што ў гэтым плане кампанія зрабіла ўсё па законе: права на пракрутку купілі ў Першым расійскім выдавецтве, якое валодае правамі на кампазіцыю.

Сапраўды, на сайце выдавецтва ў каталогу аўтарскіх сумежных правоў пад нумарам 2426 Еўрарадыё адкапала і "В платье белом". Тое, што песня цалкам законна круціцца ў роліку, пацвярджае і колішні мэнэджар "Ляпіса Трубяцкога" Яўген Калмыкоў: так, правы цалкам узгодненыя. Але, кажа Яўген, калі б ведаў, што вакол роліка атрымаецца столькі "шуміхі", то наўрад ці пагадзіўся б.

"Я думаў, што гэта неяк пройдзе незаўважна ― некаму трэба недзе выкарыстаць кавалак. А шумна ў тым плане, што мне чалавек 15 за месяц распавялі пра "квас". Гэта ўсё ж прэцэдэнт, бо мы ніколі не ўдзельнічалі ў рэкламе, апроч рэкламы нейкіх сацыяльных рэчаў".

Фота: nnm.me.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі