Вы тут

"Мы не прыбіральшчыкі". Як міліцыя рэагуе на рэкламу наркотыкаў у пад’ездах

Фота з адкрытых крыніцаў

Выкладчык БДУ Аляксей Стрэльнікаў знайшоў у пад’ездзе дома, дзе жыве, незвычайны надпіс: “Пули! Ядро! Порох! сладкие цены”. І спасылкі на два каналы ў Telegram. Аляксей здагадаўся, што гэта — рэклама наркотыкаў.

Што рабіць у такой сітуацыі? Відавочна, гандляры забароненымі рэчывамі маглі абыйсці некалькі пад'ездаў, пакінуць графіці са сваімі кантактамі на дзіцячых пляцоўках і ў іншых месцах. Самому прыбраць іх усе немагчыма.

У "Фэйсбуку" Аляксею адразу параілі тэлефанаваць у міліцыю. Але нехта з каментатараў адразу ж напісаў, што апынаўся ў такой сітуацыі, і праваахоўнікі рады не далі. Еўрарадыё вырашыла праверыць, як міліцыя абараняе нас ад наркатычнай пагрозы, і самі патэлефанавалі па кароткім нумары 102.

Але перад тым пайшлі па ўказаных на абвестцы каналах, каб дазнацца, што рэкламуюць гандляры.

Рэклама наркатычнага магазіна на сценцы ліфта.

Перайшоўшы па некалькіх спасылках, можна знайсці чат. Некалькі ананімных акаўнтаў размаўляюць пра розныя тыпы наркотыкаў, а таксама кошты.
 

“Порах” — гэта амфетамін ці падобныя да яго “солі”. То бок усе сыпучыя рэчывы.
“Кулі” — спайсы і ўсё падобнае. Карацей кажучы, інгалятары. То бок тое, што курыцца.
“Ядры” — наркотыкі у выглядзе крышталяў. Досыць вялікая колькасць рэчываў можа належаць да гэтай катэгорыі. Таксама да гэтага можна аднесці сумнавядомы псіхатроп пад назвай “альфа-PVP”.

 

Вырашаем, што ўсё гэта нядобра. Тым больш, што гэтую рэкламу, напісаную чорным маркерам на сценцы ліфта, могуць убачыць дзеці і падлеткі. Наўрад ці хто-то б хацеў, каб яго дзеці пасля такіх аб'яў датыкнуліся да смяротна небяспечных наркотыкаў.
 

“Падкажыце вашы дадзеныя”

Тэлефануем у міліцыю. Пасля двух гудкоў аператар адказвае.

— Міліцыя. Чым дапамагчы?

— Падкажыце, у ліфце ўбачыў рэкламу телеграм-канала з наркотыкамі. Што рабіць?

— Які адрас?

— ***.

— А што там напісана?

(зачытваем)

— То бок там пазначаныя адрасы каналаў у тэлеграме?

— Так

— То бок калі прайсці па гэтых спасылках, то там прапаноўваецца набыць наркотыкі?

— Так, там, наколькі я разумею, адзін нейкі агульны чат, а другі — дзе можна непасрэдна пісаць гэтым прадаўцам ды барыгам. Што з гэтым увогуле рабіць? Разбяруцца, можа, неяк?

— Падкажыце вашы дадзеныя.

— Гэта абавязкова? Бо не хацелася б звязвацца з гэтай тэмай. Можна застацца ананімным?

— Так, вядома. Дарэчы сёння ўжо быў выклік з гэтай жа нагоды. Магчыма, нейкі ваш сусед. Міліцыя ўжо туды прыязджала.

— То бок зварот ужо быў і я не першы?

— Так.

— Дык гэта неяк выправяць? Будуць разбірацца?

— Вядома. Перададзім інфармацыю дзяжурным раённага аддзела. Супрацоўнікі будуць разбірацца.

— А ці ёсць увогуле нейкая верагоднасць, што гэтых людзей знойдуць? Бо самі разумееце, гэта ж і дзеці могуць убачыць. І неяк нядобра гэта ўсё.

— Будуць разбірацца, будуць шукаць вінаватых.

— Добра, дзякуй вам.

— Усяго добрага.

Супакойваемся і чакаем рэакцыі. 

Хто прыбярэ злачыннае графіці?

Праз некалькі хвілін у рэдакцыю нечакана тэлефануюць з райаддзела міліцыі. Пытаюцца, што да чаго. Кажуць, што іх супрацоўнік ужо там быў сёння, але гэтым разам паедуць ужо адразу некалькі. Адзінае, што замазваць графіці яны не збіраюцца, бо “супрацоўнікі міліцыі не прыбіральшчыкі, і нічога адціраць яны не будуць”.

Увечары звязваемся з адным з жыхароў дома. Аказваецца, міліцыянты сапраўды прыехалі, зрабілі здымкі і нават знялі адбіткі пальцаў у ліфце. Таксама апыталі некалькіх людзей, а кагосьці выклікалі для дачы сведчанняў.

Ці будзе заведзеная крымінальная справа, стане вядома пазней. Беларускае заканадаўства прадугледжвае за распаўсюджванне наркатычных рэчываў да 15 гадоў зняволення, а за іх выраб — да 25. 

Пакуль рэклама наркотыкаў так і застаецца ў пад’езде, нягледзячы на ўсе следчыя дзеянні.