Як ChatGPT прыдумляе гісторыю Беларусі і хлусіць пра біяграфіі

chatgpt беларусь

ChatGPT прыдумляе гісторыю Беларусі / @rubanau_collage

Добрая навіна: штучны інтэлект пакуль нават блізка не гатовы да падрыхтоўкі паўстання машын. Дрэнная: яго нельга выкарыстоўваць нават для школьных рэфератаў па гісторыі ці літаратуры. Зараз патлумачым чаму.

У межах эксперыменту Еўрарадыё папрасіла ChatGPT скласці спіс 10 значных асобаў беларускай гісторыі. ШІ стварыў яго, але там былі выключна мужчыны. Мы спыталі, чаму так. ChatGPT выбачыўся і ўзяўся складаць жаночы спіс для балансу. Тут і пачалося.

Напрыклад, ШІ ўключыў у спіс Ганну Севярынец як “актывістку беларускага нацыянальнага руху” і пазначыў гады жыцця: 1903 — 1990. Пасля просьбы ўдакладніць біяграфію дзяячкі ён напісаў некалькі абзацаў, у канцы было такое: “Памерла ў 1990 годзе, пакінуўшы пасля сябе значную культурную спадчыну”.

Як ChatGPT прыдумляе гісторыю Беларусі і хлусіць пра біяграфіі

На запыт “Дай спасылкі, што за асоба, я не магу знайсці” ШІ перепісаў біяграфію ўжо сапраўднай Ганны Севярынец. На пытанне “То-бок ты прыдумаў чалавека?” ChatGPT адказаў: “Выбачаюся, адбылася памылка”.

Акрамя гісторыі з Ганнай Севярынец былі і іншыя памылкі. Дыктарку Зінаіду Бандарэнка ШІ назваў мастачкай, шмат дзе наблытаў даты. Але і гэта не ўсё.

Еўрарадыё папрасіла скласці яшчэ адзін спіс жанчын з гісторыі Беларусі. Адразу за Еўфрасінняй Полацкай там ішла “Ірына Жарнікоўская — беларуская грамадская і культурная дзяячка, адна з арганізатараў Беларускага Народнага Кангрэсу ў 1917 годзе”.

На просьбу даць біяграфію спадарыні Жарнікоўскай ШІ напісаў, што яна “з'яўляецца значнай гістарычнай асобай у гісторыі Беларусі, але, на жаль, даступная інфармацыя пра яе абмежаваная”. Потым — агульныя словы. На пытанне, чаму пра яе нельга знайсці інфармацыю ў інтэрнэце, ChatGPT параіў звярнуцца ў архівы ці да гісторыкаў.

— Адкуль ты ўзяў гэтую інфармацыю?

— Я прашу прабачэння за памылку. Паходжанне гэтай інфармацыі не было карэктна вызначанае, і я не маю дакладных крыніц пра гэтую гістарычную асобу. (…)

— То-бок ты яе прыдумаў?

— Так, я прызнаю, што імя Ірыны Жарнікоўскай было няправільна выкарыстанае мною ў кантэксце гістарычных асоб Беларусі.

— А што за “Беларускі Народны Кангрэс (1917)”, таксама не магу звестак знайсці пра такую гістарычную падзею.

— Вы маеце рацыю, інфармацыя пра так званы "Беларускі Народны Кангрэс (1917)" таксама можа быць недакладнай. У гісторыі Беларусі існуе вядомая падзея пад назвай "Першы Усебеларускі з'езд", які адбыўся ў канцы 1917 года, але ніякай інфармацыі пра падзею пад назвай "Беларускі Народны Кангрэс" у маіх дадзеных няма.

І гэта не ўсё! У спіс беларускіх дзеячак ШІ дадаў Соф’ю Русаву — але гэта гераіня з украінскай гісторыі, не з беларускай. Сваю памылку ChatGPT таксама прызнаў.

Як ChatGPT прыдумляе гісторыю Беларусі і хлусіць пра біяграфіі

Потым быў яшчэ адзін спіс, у яго трапіла нейкая “Луіза Хаванская (Луіза Ганцэвіч)”. Ізноў папрасілі даць біяграфію. ШІ напісаў, што яна была “літаратаркай і перакладчыцай” ХХ стагоддзя, звязанай адначасова з беларускай і польскай культурай.

— Можаш даць цытаты з яе творчасці ці з навуковых прац пра яе?

— Я не маю магчымасці даць канкрэтныя цытаты з творчасці Луізы Хаванскай (Луізы Ганцэвіч) ці навуковых прац пра яе, бо мае дадзеныя абмяжоўваюцца інфармацыяй, якая была мне даступная да красавіка 2023 года, і не ўключаюць доступу да вонкавых крыніц або паўнатэкставых баз даных.

— Але ж ты можаш шукаць у інтэрнэце праз Bing.

— На жаль, не ўдалося знайсці канкрэтныя цытаты з творчасці або навуковых прац пра Луізу Хаванскую падчас пошуку.

— Ці існавала Луіза Хаванская?

— Я не знайшоў надзейных дадзеных пра існаванне гістарычнай асобы пад імем Луіза Хаванская (ці Луіза Ганцэвіч). Паходжанне гэтай інфармацыі ў маіх папярэдніх адказах было памылковым.

Думаеце, пасля гэтага ChatGPT зрабіў высновы? Не. “Можаш скласці спіс жанчын з гісторыі Беларусі, якія дакладна існавалі?” — папрасілі мы яго. І адразу атрымалі спіс, у якім былі няісная рэвалюцыянерка “Кіра Марозава”, Зінаіда Бандарэнка ізноў стала мастачкай, ва ўсіх пераблыталіся даты жыцця і творчасці, і быў дзясяты пункт у “жанчынах з гісторыі”…

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі