Вы тут

Як цела ператвараецца ў нож

Малюнак Sheeborshee

Бацька адабраў у дзяўчынкі магчымасць хадзіць на фізкультуру, таму што гэта непрыстойна. Суд пры разводзе можа сур'ёзна разглядаць пытанне, прыстойна ці непрыстойна паводзіла сябе жанчына да шлюбу. Партнёр можа падняць руку на жанчыну, таму што яму здалося, што жанчына паводзіць сябе непрыстойна. У выніку жанчына таксама можа падняць руку ў адказ, і грамадства будзе лічыць гэта злачынствам. Як так адбываецца? Журналісты з Азербайджана, Малдовы, Беларусі і Расіі вырашылі разабрацца чаму.

 

Уладальнік — сям'я

Калі жанчына разумее, што яе цела належыць не ёй, а бацькам, сям'і, роду, грамадству, каму заўгодна, толькі не ёй? Што яна пры гэтым адчувае? Што можа адчуць школьніца, бацька якой пайшоў у школу з падробленай даведкай аб хворым сэрцы і зняў дачку з урокаў фізкультуры толькі таму, што, з яго пункту гледжання, насіць форму, скакаць і бегаць — гэта непрыстойна. "Бацька лічыў, што мы павінны насіць адзенне на два-тры памеры большае. Казаў, што спадніцы нашы павінны быць свабоднага крою, як насілі нашы бабулі. Сукенкі павінны былі быць ніжэй каленяў", — расказвае гераіня артыкула "Справа гонару" Гюльнара Мехціева.

Што адчувае жанчына, якая перажывае паталагічны страх і сорам перад сексам, і ёй ставяць у віну развал сям'і замест таго, каб паспачуваць і падтрымаць?

"Бацькі мяне вінавацілі ў тым, што я своечасова не расказала ім пра гэта. Яны чамусьці лічылі, што змаглі б дапамагчы мне ў вырашэнні гэтай сітуацыі і шлюб бы не распаўся", — кажа Гюляра Гасанава. Гюляра з мужам амаль два гады спрабавалі наладзіць сексуальныя адносіны. Але калі жанчына звярнулася да доктара і ёй паставілі дыягназ вагінізм, сіл спрабаваць далей ужо не засталося: "Я ўжо нічога не хацела... Я проста не хацела, каб да мяне дакраналіся..."

Больш падрабязна гісторыі Гюльнары і Гюляр з Азербайджана чытайце ў матэрыяле Meydan TV "Справа гонару: як строгае выхаванне перашкаджае жанчынам усё жыццё".

 

Уладальнік — грамадства

Суддзі Вікторыі Сандуца таксама не ўдалося пазбегнуць недарэчных кампліментаў / ZdG

Не лепш справа ідзе ў сітуацыях, калі жанчына знаходзіцца ў цэнтры грамадскай увагі ў той момант, калі яна выконвае свае прафесійныя абавязкі. Напрыклад, як расказала суддзя Вікторыя Сандуца, адвакат паведаміў ёй падчас суда, што ён не можа засяродзіцца на судовым працэсе і прайграе яго, таму што суддзя занадта прыгожая. Што павінна адчуваць суддзя? Збянтэжанасць? Гнеў? Так, у Феміды ёсць твар, але што прымушае ўдзельнікаў працэсу ўплываць на ход працэсу кампліментамі?

Бываюць выпадкі, калі бок у працэсе разумее, што яго пазіцыі слабыя, і тады ў спіну жанчыне-адвакату ляціць рэпліка пра ПМС або яна адчувае паблажлівыя пагладжванні па спіне на ўваходзе ў залу пасяджэнняў.

"Калі ў мяне ёсць справы на дзяржаўным утрыманні, звычайна апанентамі з'яўляюцца мужчыны, і пачынаюцца разнастайныя жарты, каб улагодзіць цябе ці выбіць з каляіны", — расказвае адвакат Таццяна Кебак.

Грамадская ўвага да жаночага цела ў гэтым кантэксце ператварае стаўленне жанчыны да свайго цела ў юрыдычна значны прадмет разгляду ў працэсе, які наогул ніякага дачынення да разгляданай справы не мае. Напрыклад, у шлюбаразводных працэсах і справах аб апецы прадметам разгляду могуць стаць мінулыя адносіны, адзенне і нават курэнне жанчыны.

Больш падрабязна аб гэтых гісторыях з Малдовы чытайце ў публікацыі Ziarul de Gardă "Мяне разглядалі як аб'ект": жаночае цела ў сістэме правасуддзя".

 

 

Уладальнік — агрэсар

Фота Аляксандра Васюковіча / Еўрарадыё

Так паступова, крок за крокам, жанчына перастае адчуваць сваё цела як нешта, што належыць ёй і толькі ёй. У нейкі момант здараецца самае страшнае і жанчына згаджаецца, што цела больш не яе, яе наогул больш няма. Пра гэта гавораць жанчыны, якія сталі ахвярамі хатняга гвалту:

"У момант, калі мне сказалі, што мяне трэба забіць, расчляніць, вывезці на сметнік і закапаць або закапаць каля дома ў агародзе, таму што такіх, як я, трэба знішчаць, — але я так і не зразумела, якіх такіх, — я адчула, што мяне забілі. Гэта была вельмі ўсвядомленая думка, я прагаворвала: "Мяне забілі". Я выйшла на вуліцу, узяла рыдлёўку і пачысціла 400 квадратных метраў ад снежных гурбаў. Да таго часу я была робатам. Цела робата пачысціла двор. Гэта было самае дно, самае падзенне. Я не ведала, хто я. Я пра сябе так і казала, што я дно, я бездань. Бачыла ў гэтым кайф. Мяне няма, мне добра, мяне не чапайце".

Гэтая гісторыя Святланы з Беларусі, гераіні матэрыялу Euroradio "Каб памятала, якой была пачварай". Як беларускі перажываюць цялесны і маральны боль, жывучы з агрэсарамі, і як вяртаюцца да сябе, вырваўшыся з капкана гвалту" скончылася адносна добра, і гераіня змагла перажыць досвед гвалту.

 

Бунт уласнасці

Але бываюць выпадкі, калі цела не згоднае паміраць і пачынае супраціўляцца. І тады цела ператвараецца ў зброю. Паводле звестак даследавання "Новой газеты" і "Медиазоны", 79% жанчын, асуджаных у Расіі за забойства, абараняліся ад хатняга гвалту.

"Потым ён штурхнуў нагой дзверы кухні і пайшоў са словамі: "Дзе мая біта, я цябе зараз, сука, забіваць буду". Яна вельмі спалохалася за сваё жыццё, бо ў іх у доме сапраўды была біта і раней ён яе збіваў без прычыны. <...> Лёня сказаў: "Цяпер ты ў мяне за ўсё паплацішся". <...> Яна прызнае сваю віну ў тым, што, абараняючыся і баючыся за сваё жыццё, нанесла мужу ўдары нажом; апрача іх дваіх у кватэры нікога не было, і ёй не было ад каго чакаць дапамогі". (Прысуд: сем гадоў.)

Як правіла, жанчыны абараняюцца тым, што трапляецца пад руку. Паводле звестак даследавання, у 93% прысудаў гэта быў кухонны нож.

Чытайце даследаванне "Я цябе зараз, сука, забіваць буду". Большасць жанчын, асуджаных за забойства, абараняліся ад хатняга гвалту" на сайце "Новой газеты".

Так не павінна быць. 16 снежня канчаюцца Шаснаццаць дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту пад эгідай ААН. Шаснаццаці дзён недастаткова. Працягвайце гаварыць пра тое, што так быць не павінна. Не маўчыце.

Над праектам у рамках “Медиасети” працавалі: Алёна Чуркэ, Ігар Іанэску, Вольга Булат, Маша Калеснікава, Аляксандр Васюковіч, Жэня Снежкіна, Святлана Казлова і Meydan TV.