Як бегаюць ад войска зоркі шоў-бізнэсу?

Еўрарадыё дазналася, што забароненыя музыкі куды ахвотней за патрыятычных папсавікоў “выконваюць абавязак перад Радзімай”. Надзея краіны на Еўрабачанні ў шоку – Калдуну прыйшла позва з ваенкамату. Еўрарадыё датэлефаналася да спевака і паспрабавала даведацца, як ён збіраецца “касіць”?
Зміцер Калдун: “Я ўжо патэлефанаваў у ваенкамат, усё растлумачыў ім, усе ставяцца да гэтага з разуменнем. Таму я думаю, што бліжэйшы час яны мяне турбаваць не будуць. Тым больш, што да першага снежня я з’яўляюся студэнтам БДУ. Справа ў тым што я не прыгодны, мяне бабуля ў армію не пускае”.

А ў самім ваенкамаце Фрунзенскага раёна, дзе пражывае Зміцер, настроены куды менш аптымістычна. І па словах маёра Шругіна, да ніякага паразумення з Калдуном яны не прыйшлі:

“У яго ў гэтым годзе скончваецца адтэрміноўка для працягу адукацыі. Сігналаў ад яго ніякіх не паступала. У нас ёсць пералік артыкулаў згодна артыкула 32 “Аб вайсковых абавязках і вайсковай службе”, якія карыстаюцца правам адтэрміноўкі.

У прынцыпе адзін з іх – гэта па ўказу прэзідэнта. Калі ён не з’явіцца да сканчэння прызыву ў ваенны камісарыят, то нашыя абавязкі накіраваць дакументы ў пракуратуру раёну для вырашэння пытання прыцягнення да крымінальнай адказнасці.

Гэта ўжо ён будзе размаўляць не з галоўным камісарам, а са следчым пракуратуры. Ён павінен з’явіцца ў ваенкамаце і закрыць гэтае пытанне, і не па тэлефоне”.


Еўрарадыё вырашыла даведацца, як ідуць справы са службай у войску ў іншых беларускіх зорак? І пачалі мы з самай “ваеннай” групы краіны “Тяни-толкай”. Аказалася, што хлопцы, якія так бурліва прапагандуюць службу, на асабістым прыкладзе не ведаюць, што гэта такое.

Распавядае начальнік прэс-службы Міністэрства абароны рэспублікі Беларусь галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы ўпраўлення інфармацыі Вячаслаў Раменчык:

“Я лічу, што кожны мужчына павінен прайсці службу ва Узброеных Сілах. Я канкрэтна не буду каментаваць “Тяни-толкай”, яны, дарэчы, з’яўляюцца ўдзельнікамі нашых сумесных праектаў Міністэрства абароны і Першага нацыянальнага тэлеканала.

У нас быў “Дембельский альбом 1” і “Дембельский альбом 2”, дзе яны прымалі ўдзел. Ну а тое, што ім не давялося паслужыць у войску, я думаю, што гэта не іх віна. Хутчэй за ўсё гэта збег абставін ці можа быць нейкі кірунак дзейнасці, якім яны займаліся, ім перашкодзіў службе ў войску”.


Пра збег абставін, якія перашкодзілі хлопцам трапіць у войска, распавядае ўдзельнік гурта “Тяни-толкай” Павел Тарайновіч:

“Троя – па стану здароўя, а пра Андрэя, вакаліста, проста забылі. Яго ніводнага разу не выклікалі ў ваенкамат. І ён толькі, калі яму споўнілася 27, калі пайшоў атрымліваць правы, прыйшоў у ваенкамат, і яму далі ваенны білет, ну і штраф невялікі”.

Не служыў у войску і Саша Нема, але ў яго больш важныя прычыны:

“Таму што ў мяне ёсць сям’я і дачка. Я спачатку вучыўся, а потым – па сямейных абставінах”.

А вось Аляксей Хлястоў, якому таксама не давялося трапіць у шэрагі абаронцаў, зараз крыху шкадуе:

“Цалкам магчыма, зараз і шкадую. Вось мой брат адслужыў. Я думаю, што гэта станаўленне чалавека як мужчыны”.

У беларускай рок-тусоўцы справы куды лепшыя. Там сустрэць мужчыну, які “выканаў абавязак перад Радзімай” не складае ніякай цяжкасці. Распавядае вакаліст “Крамы” Ігар Варашкевіч:

“Служыў я з 1979 па 81 год у Мінску. Я не думаю, што гэта вельмі карысна, але, як заўсёды, застаюцца нейкія добрыя ўражанні. Дзедаўшчыны не было ніякай практычна. Даволі весела было”.

Служыў і мастак Міхал Анемпадыстаў. Дарэчы, займаў далёка “не лёгкую” пасаду:

“Я служыў у Берасці ў войску. Мая спецыяльнасць была вайсковы грузчык”.

У шэрагі вайскоўцаў у свой час трапілі і гітарыст-дэсантнік Піт Паўлаў, і лідэр “НРМ” Лявон Вольскі, які ў войску быў мастаком.

А вось для “Ляпіса” Сяргея Міхалка гэтая тэма з’ўляецца закрытай. На пытанне, ці служыў ён у войску, мы пачулі адказ:

Міхалок: “Кармічны грэгар, які з’яўляецца па сумяшчальнасці маім лекарам, забараніў мне размаўляць на мілітарыстычную тэму. Усе тэмы, якія связаны з арміяй, вайной, зброяй, бойкай, забойствамі, масавымі расстрэламі, кулямі, вайсковай амуніцыяй, кулямётамі…

Усе гэтыя словы мне забаронена вымаўляць, слухаць, абмяркоўваць на працягу 5 год. Таму што я магу сарвацца і вярнуцца да ўжывання псіхатропных рэчываў, якія могуць цалкам разрэдзіць мой і так жэлепадобны мозг. Таму я прыношу свае глыбокія прабачэнні і не магу ніяк пракаментаваць гэтую стромную тэму”.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі