"Я пацыфіст, а Васюковіч — пасобнік фашыстаў!" Інтэрв'ю з Белікавым

"Я пацыфіст, а Васюковіч — пасобнік фашыстаў!" Інтэрв'ю з Белікавым

28 верасня ў Маскве ў Цэнтры дакументальнай фатаграфіі FOTODOC праходзіла творчая сустрэча з беларускім фатографам Аляксандрам Васюковічам. Васюковіч заняў першае месца ў намінацыі “Канфлікт” на міжнародным фотаконкурсе “Прамы погляд 2016”. На фотаздымках праекта можна пабачыць адзіночныя і групавыя партрэты украінскіх жаўнераў, зробленыя Васюковічам падчас паездкі на фронт летам 2014 года. Падчас творчай сустрэчы з беларусам у залу Цэнтра FOTODOC прыйшоў мастак Антон Белікаў і пачаў замалёўваць здымкі Васюковіча фарбай з балончыка. “Вы — сціплы фашыст! Я пагарджаю вамі… Што вы робіце? Гэта ж забойцы! Яны забівалі жанчын і дзяцей. А вы прыязджаеце ў Маскву і вешаеце іх фота тут! Вы — усмешлівы гадзёныш. Як вам не сорамна?” — гаварыў Белікаў Васюковічу. Еўрарадыё звязалася з Белікавым і даведалася, чаму ён зрабіў тое, што зрабіў.

 

Еўрарадыё: Антон, гэта быў перфоманс альбо знішчэнне выставы?

Белікаў: Ні пра які перфоманс гаворкі няма. Гэта было знішчэнне выставы, у якой нам цішком спрабавалі прад'явіць карнікаў, натуральных, як мілых, усмешлівых хлопцаў. Якіх трэба пашкадаваць. І ўсё гэта прыкрывалі тым, што гэта вайна. Але на гэтых здымках былі не байцы ўкраінскай арміі, якія паднявольныя і якіх загналі на вайну. Там былі канкрэтна людзі карнага батальёна "Данбас". Якія ў крыві па вушы. І яны вось прывозяць гэта ўсё ў Маскву і, сціпла ўсміхаючыся, гавораць: паглядзіце, якія яны харошыя хлопцы. Яны не звяры, у іх ва ўсіх дзеці ёсць. І мне ўсё гэта нагадвае гісторыю пра нацысцкіх важакоў сярэдзіны века, у якіх таксама былі дзеці. Яны іх па галоўцы гладзілі... Гэта дзіўна ўсё. Нейкае вар'яцтва. Так быць не павінна.

Еўрарадыё: Вы ішлі на выставу з жаданнем яе знішчыць альбо гэтая ідэя прыйшла ўжо на месцы?

Белікаў: Так атрымалася, што ўчора раніцай я прыехаў з канферэнцыі з Ноўгарада. Па рэстаўрацыі. Я ў прынцыпе вучоны, займаюся тэорыяй і практыкай. Я вось прыехаў з канферэнцыі. У цягніку адаспаўся, з раніцы прачынаюся і бачу, што вось такая выстава. Яна ў навінах усюды вісіць. Я падумаў, што гэта нейкая пацыфісцкая выстава. Што там, я не ведаю, побыт украінскіх салдатаў. Жахі вайны. Нешта такое, што можна зразумець менавіта як пацыфісцкае мастацтва. Што вайна — гэта няправільна. А каментары, якія я там пачуў, мне падаліся дзікімі. І я вырашыў, што пайду на выставу і пагляджу, што там адбываецца. Задам пытанне, хто на здымках. Не граміць усё адразу.

Я ж перад тым як усё гэта учыніць, гадзіну сядзеў слухаў фатографа. І спытаў потым, хто там на здымках. Ён мне сказаў, што там людзі з батальёна "Данбас", якіх ён здымаў па іх просьбе. Я ў гэты момант зразумеў, што такога дапускаць нельга. Я туды прыйшоў не ў масцы, з адкрытым тварам. Я патлумачыў, чаму гэта раблю. Прадставіўся, сказаў, хто я і чым займаюся. Гэта потым аказалася, што прыйшла міліцыя. Я не хаваюся, гатовы да юрыдычнага разбіральніцтва. Ні пра што не шкадую... Нашых братоў забіваюць там, па іншы бок мяжы. А потым прыязджаюць да нас дадому і вешаюць здымкі забойцаў. І кажуць, што гэта нармальна.

"Я пацыфіст, а Васюковіч — пасобнік фашыстаў!" Інтэрв'ю з Белікавым
Адзін са здымкаў Васюковіча, сапсаваных Белікавым.

Еўрарадыё: Вы кажаце, што прыйшлі на выставу паглядзець, паслухаць і толькі на месцы вырашылі ўчыніць разгром. Але пры сабе мелі балончык з фарбай. Як так атрымалася?

Белікаў: Геаграфія Масквы так выглядае, што гэты Сахараўскі музей (там праходзіць выстава Васюковіча — Еўрарадыё) знаходзіцца побач з Таганкай. І там жа ёсць крама, дзе прадаюцца гэтыя балончыкі з фарбай для графіці. І я, едучы, захапіў з сабой банку. Але рашэнне ўсё гэта ўчыніць я ўжо там, на месцы, прыняў. Бо не хацеў разграміць рэальнага пацыфіста, хлопца, які выступае за мір.

 

Еўрарадыё: Якое вашае асабістае стаўленне да фатографа? Хто ён, на вашу думку?

Белікаў: Вось як бы вы назвалі чалавека, які салідарызуецца з фашыстамі? Ёсць баевікі, якія забіваюць людзей, пад сцягамі зігуюць. А гэты ходзіць, здымае іх, вядзе сяброўскія размовы, фатаграфуе ў выглядзе барацьбітоў за свабоду, усмешлівых хлопцаў. Перапісваецца з іх сем'ямі. З імі самімі. Як бы вы назвалі такога чалавека? У савецкай юрыдычнай практыцы такіх людзей называлі пасобнікамі фашыстаў. Вось вам і ўвесь мой каментарый.

Еўрарадыё: А вы не думаеце, што прыцягнулі ўвагу да выставы Васюковіча?

Белікаў: Ну глядзіце. Ёсць вёска, побач з ёй жыве дракон. Ён час ад часу есць людзей. Прыязджае Георгій Пераможца і пачынае гэтага дракона забіваць. Да яго падыходзяць людзі з суседняга горада і кажуць: навошта ж ты робіш піяр гэтаму дракону? Так бы сядзеў у вёсцы, еў бы па чалавеку ў дзень. А цяпер усе будуць ведаць, што ёсць такі дракон. Нядобра.

 

Еўрарадыё: Антон, вы шмат гаворыце пра падзеі на Данбасе. Пра батальён "Данбас". Адкуль у вас інфармацыя? Вы былі там альбо вашы знаёмыя цяпер там?

Белікаў: Не, я пацыфіст. У вайне не ўдзельнічаю. І было б, напэўна, няправільна ўдзельнічаць у вайне. Ва Украіне ідзе грамадзянская вайна. Умешвацца ў яе юрыдычна няправільна, гэта ўнутраны канфлікт. Інфармацыю я бяру з розных крыніц. Як з айчынных СМІ, так і з украінскіх — чытаю УНІАН. Чытаю еўрапейскія СМІ, валодаю мовамі. Я так складаю свой пункт гледжання.

 

Еўрарадыё: Вы не прытрымліваецеся нейкага аднаго з бакоў?

Белікаў: Разумееце, я прытрымліваюся боку сэнсоўнасці. Таму што ёсць рэчы, якіх нельга рабіць ніколі. Напрыклад, нельга забіваць жанчын і дзяцей. Нельга ўсхваляць людзей, якія забіваюць жанчын і дзяцей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі