Вы тут

“Я думаю… адчуваю так, што буду прытрымлівацца большасці”

У новаабраных дэпутатаў пакуль няма ні сваіх кабінетаў, ні нават дэпутацкіх значкоў ― толькі пазначаныя прозвішчамі месцы ў Авальнай зале. А каб народныя абранні не блукалі ў пошуках свайго месца, у фае вісіць план “рассадкі”. 11 кастрычніка новенькія сабраліся на сваё першае пасяджэнне.

Журналістаў цікавіць, хто стане спікерам Палаты прадстаўнікоў?

“Я так думаю, што будуць прапаноўваць таго, хто ўжо мае досвед працы старшыні Палаты прадстаўнікоў. Але я спадзяюся, што выбары будуць адбывацца на альтэрнатыўнай аснове”, ― разважае Алена Анісім.

Алена Анісім, фота Змітра Лукашука

А Мікалай Улаховіч, адказваючы пра будучага спікера парламента, акрэслівае свой будучы стыль працы.

“Я думаю… адчуваю так, што буду прытрымлівацца большасці. Бо старшынёй сходу, нашай Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу павінен быць чалавек вопытны”.

Мікалй Улаховіч, фота Змітра Лукашука

У Авальную залу хуткім крокам залятае Ганна Канапацкая, займае сваё месца і горда дэманструе ўсім цікаўным бел-чырвона-белы значок на сукенцы з даволі правакацыйным дэкальтэ. У намесніцы старшыні Таварыства беларускай мовы Алены Анісім такога значка на лацкане яе пінжака няма. Відаць, чакае, пакуль выдадуць дэпутацкі чырвона-зялёны, каб бел-чырвона-белы прышпіліць побач, як абяцала ў эфіры Еўрарадыё.

Ганна Канапацкая і Алена Анісім, фота Змітра Лукашука

Спыняю Аляксандра Багдановіча, рослага весляра на каноэ, а цяпер дэпутата, і цікаўлюся, ці мае ён у сваёй “дэпутацкай тэчцы” хаця б “сырыя” накідкі ўласнага законапректа.

“Вы ж разумееце ― законапраекты яшчэ павінны ісці з Савета міністраў. Таму законапраект яшчэ павінен рыхтавацца. Так казаць ― гэта галаслоўна. А так задумаў у мяне вельмі шмат. І калі я скажу пра нешта адно, то не закрану іншыя”, ― агаломшвае мяне адказам Аляксандр і збягае, паабяцаўшы сур’ёзнае інтэрв’ю ў будучым.

Аляксандр Багдановіч, фота Змітра Лукашука

Гучыць званок, і дэпутаты займаюць свае месцы. Ролю часовага спікера бярэ старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Віншуе з абраннем. Справа даходзіць да прапаноў па кандыдатуры старшыні парламента і… нікога, апроч кандыдатуры Уладзіміра Андрэйчанкі, які быў спікерам ужо двух парламентаў!. Адпаведна, ніякай альтэрнатывы ў бюлетэнях для таемнага галасавання няма. Вынік: 108 дэпутатаў “за”, адзін ― “супраць”.

Гэты “адзін супраць” ― Ганна Канапацкая. Але ж чаму тады нават і не выступіла з крытыкай па кандыдатуры Андрэйчанкі, калі была такая магчымасць?

― Што не выступіла, то гэта мая памылка: я не да канца разабралася з тэхнічным бокам пытання і проста не паспела сказаць, што хачу задаць пытанне. Чаму я супраць яго? Бо, на жаль, праца Палаты прадстаўнікоў пятага склікання не выклікае ў мяне захаплення. А вельмі шмат залежыць ад працы кіраўніка. Як так: дэпутаты папярэдняга склікання па ўласнай ініцыятыве ініцыявалі толькі чатыры заканадаўчыя акты, а прынялі з іх ― тры?! Так не павінна быць: па Канстытуцыі менавіта парламент з’яўляецца заканатворчым органам.

Што праўда, прызнае: не ведае нікога з калег, хто б мог заняць гэтую пасаду. Што да сябе, то, кажа, менавіта таму, што добрае ведае, што такое кіраваць, і прыняла рашэнне “пачакаць ды паглядзець”.

Напаўжартам пытаюся ў Ірыны Дарафеевай: чаму яна не прапанавала сваю кандыдатуру на пасаду спікера?

“Мяркую, гэта было б глупствам з майго боку, а я ўсё ж пры сваім розуме!” ― адказвае тая.

Ірына Дарафеева, фота Змітра Лукашука

Пакуль лічаць галасы, іду ў дэпутацкі буфет: паспрабаваць, як, чым і па якім кошце будуць карміць народных абраннікаў. Бяру: суп фасолевы з грыбамі і смятанай ― 1 рубель 53 капейкі, філе кураняці, запечанае з беконам ― 3.51, пюрэ ― 0.59, плюс ― таматны сок і луста хлеба. За ўсё плачу 6 рублёў 28 капеек. Не танна. І не скажу, што вельмі смачна.

Пасля абеду дэпутаты таемна, з дапамогай сістэмы электроннага галасавання, паказваюць пажаданне: хто ў якой камісіі хацеў бы працаваць. І самі смяюцца над вынікам: у камісіі па заканадаўстве пажадаў працаваць толькі адзін дэпутат. Жадаючых патрапіць у камісію па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе — 16, у камісію па міжнародных справах і сувязях з СНД — 14.

Хто і ў якую камісію трапіць у выніку ― стане вядома 13 кастрычніка. 

Фота Змітра Лукашука