Выйшла першая частка трыб’юта "Ляпісу Трубяцкому"

"Ляпіс Трубяцкі" выпусціў першую частку свайго трыб'юту "Lyapis Crew: ТРУбьют". Гэты рэліз стаў вынікам вялікага краўдфандынг-праекта, які распачаўся год таму на сайце Planeta.ru.


У межах праекта трэба было зрабіць кавер на любую песню "Ляпісаў" (у тым ліку, да-"Капітальнага" перыяду) у сучаснай альтэрнатыўнай стылістыцы. Агулам на конкурс прыйшло каля 300 запісаў. Таму гурт вырашыў зрабіць трыб'ют з трох частак.


"Першапачаткова мы планавалі выдаць толькі 20 лепшых кавераў, — прызнаецца прад’юсар гурта Яўген Калмыкоў. — Але прыйшло столькі цікавых трэкаў, што давялося пашырыць праект. У выніку ён выйдзе ў трох частках, кожная з якіх будзе змяшчаць у лічбавай версіі па 25-30 кампазіцый. Усе тры часткі маюць умоўны стылістычны напрамак. У першай больш року, другая складалася з акцэнтам на ска-панк, трэцяя — на панк. Карацей, сумна нікому не будзе!!!


Сярод удзельнікаў праекта хапае вядомых артыстаў. У першай частцы можна пачуць песні "Ляпісаў" у выкананні ўкраінцаў Сяргея Бабкіна і гурта "Бумбокс", расіян Noize MC, рэпера Басты. Ёсць на першай складанцы і сем калектываў з Беларусі: "Жнюв", "ТТ-34", "Пані Хіда", Exist-M, Kurt Roll, time2begin і "Ворона".


"Lyapis Crew: ТРУбьют, Vol.1" можна спампаваць у iTunes і паслухаць на сайце "Яндэкс.Музыка", а 28 ліпеня лэйбл Soyuz Music выдасць яго на CD. Другая і трэцяя часткі праекта выйдуць у канцы жніўня і верасня адпаведна.


Гурт "Ляпіс Трубяцкі" спыніць існаванне 1 верасня 2014 года. Развітальны тур пад назвай "Клоуна нет" будзе складацца толькі з чатырох выступаў: у Маскве (22 жніўня), Вільні (23.08), Кіеве (26.08) і Санкт-Пецярбургу (27.08).

Беларусы маюць магчымасць набыць квіткі і атрымаць бясплатныя візы на выступ у сталіцы Літвы. Падрабязна на сайце www.shabli.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі