Выбухі ў Марыупалі і адказ расійскага Мінабароны Прыгожыну — 364-я раніца вайны

У Данецкай і Луганскай абласцях Украіны ідуць баі / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
У Данецкай і Луганскай абласцях Украіны ідуць баі / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Напярэдадні ўвечары выбухі грымелі ў Марыўпалі (горад акупаваны расіянамі). Ёсць некалькі трапленняў. Пра гэта ўначы паведаміў Марыупальскі гарсавет. У гарсавеце кажуць, што трапленні адбыліся, верагодна, у месцах збору сіл акупантаў. На мінулым тыдні была інфармацыя, што расіяне пачалі ў Марыупалі мабілізацыю.

Расійскія крыніцы пішуць, што СПА гэтай ноччу спрацоўвала і ў іншых населеных пунктах так званай ДНР. УСУ, як мяркуецца, ударылі з дальнабойнага ўзбраення — "пад абстрэламі апынуліся гарады глыбокага тылу", адзначае рэсурс readovka.

На фронце расійскія войскі працягвалі дамагацца паступовых тактычных поспехаў у Бахмуце і вакол яго, а таксама працягваюць наземныя атакі каля Аўдзееўкі. Гэта Данецкая вобласць. А ў Луганскай вобласці — праводзяць абмежаваныя наземныя атакі на паўночны захад ад Сватава і паблізу Крамянной. Але ёсць інфармацыя, што каля Крамянной ўкраінскія сілы правялі абмежаваную контратаку, адзначаюць эксперты Інстытута вывучэння вайны.

УСУ змаглі адціснуць расійскіх марпехаў з займаных пазіцый і пад Угледаром, на захад ад пасёлка Нікольскае. Гэта паведамляе ўжо расійская крыніца "Рыбар". Паводле ягоных звестак, сілы абароны Украіны перакідваюць сюды "рэзервы, уключаючы РСЗА HIMARS, разлічваючы прадоўжыць наступальныя дзеянні ў кірунку Паўлаўкі". Гэтая ж крыніца сцвярджае, што расійскія войскі "працягваюць павольна выціскаць праціўніка" з Мар'інцы. Але "украінскае камандаванне не мае намеру аддаваць пазіцыі без бою і нягледзячы на вялікія страты перакідвае новыя рэзервы для ўтрымання фронту".

Взрывы в Мариуполе и ответ российского Минобороны Пригожину — 364-е утро войны
Карта баёў у Луганскай і поўначы Данецкай вобласці / understandingwar.org

Сітуацыю на фронце ўчора абмяркоўвалі на пашыраным пасяджэнні Стаўкі ў Кіеве. Асаблівыя эмоцыі выклікалі даклады па Данецкай і Луганскай абласцях, прызнаўся ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі. Пра гэта ён казаў у традыцыйным відэазвароце.

"Робім усё, каб стрымаць там варожыя атакі – сталыя інтэнсіўныя штурмы, якія Расія не спыняе, хоць і нясе там шалёныя страты", — сказаў ён. Паводле яго слоў, праціўнік прымяняе ўвесь спектр зброі, уключаючы слёзатачывыя гранаты. Але пры гэтым важна, адзначыў Зяленскі, каб, нягледзячы на весь гэта ціск, лінія фронту не зведала змен.

У Інстытуце вывучэння вайны па-ранейшаму лічаць, што "Расія не будзе ўжываць ядзерную зброю ў Украіне ці супраць NATO". Эксперты зноў загаварылі пра гэта ў сувязі з рашэннем Масквы выйсці з Дамовы аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (СНУ). Пра гэта ўчора абвясціў расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін у сваім пасланні Федэральнаму сходу.

У самой прамове не было нічога новага аб планах з нагоды вайны ва Украіне: не былі сфармуляваны ні канкрэтныя мэты, ні намеры. Замест гэтага Пуцін толькі ўзмацніў старыя тэзісы (аб" гістарычных землях Расіі", неабходнасці забяспечыць ўнутраную бяспеку і ліквідаваць пагрозу ўкраінскага" неанацысцкага рэжыму", аб  калектыўным Захадзе). Эксперты Інстытута лічаць, што ўсе гэтыя выказванні — гэта спроба Пуціну выйграць больш прасторы і часу для зацяжной вайны.

Тым часам расійскае Мінабароны адказала на "экзальтаваныя заявы" заснавальніка прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер" Яўгена Прыгожына пра недахоп боепрыпасаў для яго штурмавікоў. "Усе заяўкі на падачу боепрыпасаў для штурмавых падраздзяленняў выконваюцца ў самыя кароткія тэрміны. Так было і так будзе <...> таму ўсе заявы, зробленыя нібыта ад імя штурмавых падраздзяленняў аб недахопе боепрыпасаў, — абсалютна не адпавядаюць рэчаіснасці", — заявілі ў Мінабароны. Там таксама адзначылі, што боепрыпасы дастаўляюць самалётамі нягледзячы на складаныя метэаўмовы ў раёне Бахмута. Нагадаем, на днях Прыгожын скардзіўся, што праз канфлікт з генераламі Мінабароны яго пазбавілі любой дапамогі. Няма нават сапёрных рыдлёвак.

А ў Кіеве напярэдадні пабывала прэм'ер-міністра Італіі Джорджа Мэлані. Яна наведала Бучу і Ірпень і сустрэлася з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
Па выніках візіту Мелані абвясціла аб новым пакеце ваеннай дапамогі з боку Італіі, які, акрамя ЗРК SAMP-T, будзе ўключаць таксама сістэмы супрацьпаветранай абароны Skyguard Aspide. Гэта наземны зенітна-ракетны комплекс італьянска-швейцарскай распрацоўкі. Ён можа працаваць у складзе эшаланаванай сістэмы СПА і абменьвацца дадзенымі з ЗРК іншых тыпаў, распавядае Hromadske.

У Кіеве чакаюць ізраільскую сістэму ранняга абвесткі. Праект цяпер распрацоўваюць у Ізраілі. Пра гэта распавёў амбасадар Украіны ў Ізраілі Яўген Карнійчук.

"Праца над гэтым вядзецца ўжо чатыры месяцы. У публічнай плоскасці гаворыцца, што нам гэта перададуць. Але не так усё проста, таму што гэта сапраўды зойме некаторы час", — сказаў дыпламат.

Цяпер, калі расійскія самалёты ўзлятаюць, напрыклад, у Беларусі, трывога ўключаецца адразу па ўсіх паўночных абласцях Украіны. А ў Ізраілі выкарыстоўваюць магутныя радары, якія вылічаюць, куды ляціць ракета. У выніку ўключаецца сірэна ў канкрэтным месцы. Таксама сірэна дае спецыяльны сігнал, які паказвае, колькі хвілін ёсць у насельніцтва, каб схавацца ў хованцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі