Выбухі ў Львове і авіяўдар па Вазнясенску — 23-я раніца вайны ва Украіне

Украінскія ратавальнікі разбіраюць завалы пасля абстрэлу / ДСНС Украіны
Украінскія ратавальнікі разбіраюць завалы пасля абстрэлу / ДСНС Украіны

Паветраная трывога гэтай ноччу і раніцай гучала ў большасці абласцей Украіны, паведамляе ўкраінскае тэлебачанне "Громадське".

У Вазнясенску (Мікалаеўская вобласць) пад авіяўдар трапіў адзін са складоў. Інфармацыі аб пацярпелых і загінулых пакуль няма.

У Севераданецку і Рубежным (Луганская вобласць) за ноч былі разбураныя больш за 20 жылых дамоў і аб'ектаў інфраструктуры. У Рубежным, да прыкладу, гарэлі 10 дамоў і крама. За некалькі тыдняў расейцы ператварылі гэтыя гарады амаль у руіны, кажа старшыня абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай. Ёсць загінулыя і параненыя.

"У некаторых дамах паблізу абстрэлаў адсутнічаюць газ і вада —  будзем намагацца паправіць як мага хутчэй. Аднак чалавечыя жыцця ўжо не вернеш", піша Гайдай.

Раніцай з'явілася інфармацыя аб выбухах у Львове. Іх чулі і ў самім горадзе, і ў ваколіцах. Кіраўнік горада Андрэй Садовы заявіў, што расійскія ракеты ўдарылі па тэрыторыі ў раёне львоўскага аэрапорта. "Але гэта дакладна не аэрапорт", падкрэсліў ён. Пазней ён паведаміў, што разбураныя некалькі будынкаў рамонтнага авіязавода. Прадпрыемства не працавала. Таму людзі не пацярпелі.

Паводле аператыўнай інфармацыі Генштаба Украіны, на лініі фронту сітуацыя за суткі не змянілася. На Валынскім кірунку расійскія войскі не наступалі — займаліся узмацненнем аховы украінска-беларускай мяжы. Для гэтага прыцягнуты падраздзяленні Узброеных сіл РБ. "Захоўваецца высокая верагоднасць правядзення правакацый спецслужбамі Расійскай Федэрацыі", лічаць у Генштабе Украіны.

На Палескім і Северскім кірунках намаганні праціўніка былі сканцэнтраваны на ўтрыманні занятых раней межаў, кажуць украінскія ваенныя. Захоўваецца частковая блакада Чарнігава, па горадзе страляюць з артылерыі.

На Слабажанскім кірунку, лічаць ва ўкраінскім Генштабе, праціўнік рыхтуецца да наступу на Сумы і Харкаў, а на Луганскім і Данецкім кірунках — да наступу на Севераданецк і акружэнне Марыупаля.

Взрывы во Львове и авиаудар по складу в Вознесенске — 23-е утро войны в Украине
Жылы дом ў Луганскай вобласці пасля абстрэлу / @luhanskaVTSA

Урад Украіны ўжо 18 сакавіка адменіць амаль усе дазволы і ліцэнзіі для бізнесу. Гэта заявіў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі. З амаль 600 дазволаў і ліцэнзій пакінуць каля 20. "Для большасці бізнэсаў ва Украіне будзе працаваць дэкларатыўны прынцып — абвясціў аб пачатку дзейнасці і свабодна працуеш", — сказаў Зяленскі.

Акрамя таго, урад шукае магчымасці пашырыць праграмы крэдытавання для прадпрымальнікаў. Пастанова ўжо падрыхтаваная. Згодна з дакументам, любы бізнэс ва Украіне зможа ўзяць крэдыт пад 0% на час дзеяння ваеннага становішча ў Украіне і яшчэ месяц пасля вайны. Пра гэта таксама расказаў Зяленскі.

З сённяшняга дня ва  Украіне таннее аўтамабільнае паліва. Кошт дызпаліва з гэтага часу не павінна перавышаць 40 грыўняў за літр. Бензін павінен каштаваць каля 36 грыўняў.

Сёння чакаецца размова прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з лідэрам КНР Сі Цзіньпінам. Кіраўнікі краін будуць размаўляць па тэлефоне. The Wall Street Journal мяркуе, што Байдэн будзе казаць пра магчымыя наступствы для Пекіна, калі той вырашыць падтрымаць Расію ў вайне супраць Украіны.

Тым часам у ЗША больш не бачаць прыкмет таго, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін гатовы спыніцца. Пра гэта заявіў дзяржсакратар Злучаных Штатаў Энтані Блінкен.

"Наадварот, калі вы паслухаеце яго апошнія заявы, яны наводзяць на думку, што ён рухаецца ў зваротным кірунку", — сказаў Блінкен. Ён прызнаў, што санкцыі не маюць імгненнага эфекту і не спыняць Пуціна самі па сабе.

Грамадзяне Расіі, мяркуючы па апытаннях грамадскай думкі, падтрымліваюць вайну. Ухваляе такую палітыку і дзеянні 71%, піша расійская служба "Радыё Свабода" са спасылкай на звесткі двух незалежных апытанняў. Таксама большасць грамадзян краіны мяркуюць, што было б лепш, калі б Пуцін заставаўся прэзідэнтам як мага даўжэй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі