Выбары старшыні хакейнай федэрацыі адбудуцца напрыканцы верасня

Дата справаздачна-выбарнай канферэнцыі ў хакейнай федэрацыі дагэтуль не вызначаная. Але як паведамілі Еўрарадыё у аддзеле па сувязі з грамадскасцю і прэсай ФХРБ, адбудзецца падзея напрыканцы верасня.

“Мяркую, у найбліжэйшы тыдзень з датай вызначацца”, ― інфармуе Арсеній Якавенка, менеджар аддзела.
Нагадаем, што канферэнцыя у ФХРБ мусіла адбыцца яшчэ 26 жніўня. На ёй меліся правесці выбары новага старшыні: Яўген Ворсін заявіў пра сыход з гэтай пасады праз непаважлівае стаўленне.

Тады беларускі прадстаўнік у КХЛ “Дынама-Мінск” прапанавала кандыдатам на пасаду дзейнага дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Дзевятоўскага, былога лёгкаатлета-алімпійца, які некалі сенсацыйна выйграў суд у Міжнароднага алімпійскага камітэта.  Бліжэй да выбараў з’явіўся яшчэ адзін кандыдат ― Анатоль Варывончык, які ўпершыню ў гісторыі вывеў хакейную зборную на Алімпіяду і ў элітны дывізіён. Але барацьбы паміж двума тытанамі не адбылося. За чатыры дні да канферэнцыі яе нечакана адмянілі. Суправаджалася гэта сітуацыя скандалам у СМІ.

Генменеджар “Дынама-Мінск” Уладзімір Беражкоў абвінавачваў некаторыя клубы беларускага чэмпіянату ў тым, што яны чыняць беларускаму флагману перашкоды, патрабуюць па 100 тысяч долараў за пераход гульцоў у “Дынама”. У сваю чаргу прадстаўнікі каманд і Федэрацыя хакея гэтую інфармацыю абвяргалі і патрабавалі, каб перспектыўныя гульцы не былі задзейнічаны за дынамаўскія фарм-клубы.

У першы дзень восені стала вядома пра тое, што з Вадзімам Дзевятоўскім сустрэўся Аляксандр Лукашэнка і вынес сваю рэзалюцыю: “Трэба паглядзець, напэўна, Вадзіма ў лёгкай атлетыцы. Там лапшы на вушы ніхто не павесіць”.

На наступны дзень пасля сустрэчы ў кіраўніка дзяржавы цікавімся ў менеджара хакейнай федэрацыі Арсенія Якавенкі, ці зняў нехта сваю кандыдатуру з выбараў у кіраўнікі ФХРБ?

“Такой інфармацыі ў мяне няма. Магчыма, нехта сваю кандыдатуру бліжэйшым часам здыме”, — сказаў ён.

Пакуль жа федэрацыяй хакея кіруюць тыя ж людзі, што да мінскага чэмпіяната свету па хакеі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі