Вы тут

Віцябляніна асудзілі на 9 гадоў — за "арганізацыю масавых беспарадкаў"

Сяргей Думава ў судзе / vitebskspring.org 

17 верасня суд Першамайскага раёну Віцебску прысудзіў 9 гадоў мясцоваму жыхару Сяргею Думаву. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, але маці дазволілі прысутнічаць на пасяджэннях, піша "Віцебская Вясна".

Віцябляніна вінавацілі па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці або ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), ч. 3 арт. 293 (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках), арт. 341 (апаганьванне будынкаў ці іншых збудаванняў цынічнымі надпісамі або малюнкамі).

Суддзя Юрчанка прызнаў Думаву вінаватым па ўсіх абвінавачаннях і прысудзіў яму па сукупнасці 9 гадоў і 15 сутак калоніі узмоцненага рэжыму.

Затрымалі Сяргея Думаву 22 сакавіка 2021 года, калі ён расклейваў налепкі. Пасля затрымання ён прызнаўся, што зрабіў чырвонай фарбай некалькі надпісаў "Жыве Беларусь". У абвінавачванні таксама фігуруюць надпісы "3%", "Чырвоны партызан", "Сыходзь".

Пра ператрусе ў яго гаражы знайшлі жалезны трафарэт гербу "Пагоня", а таксама петарды, страйкбольныя гранаты, дымавыя шашкі ды іншыя не забароненыя для захоўвання прадметы.

Першае судовае пасяджэнне 13 жніўня было адкрытым. На ім Думава адмовіўся даваць паказанні. Раней ён цалкам адмаўляў сваю віну. І другое пасяджэнне зрабілі ўжо закрытым. Фармальнай прычынай для гэтага стаў фатаздымак, зроблены на працэсе і размешчаны ў інтэрнэце. 

Адвакаты Сяргея Думавы плануюць абскарджваць рашэнне ў абласным судзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.