Вы тут

velcom канчаткова стаў А1, але захавае беларускую мову ў піяр-кампаніях

Пасля прэс-канферэнцыі ў цэнтральным салоне А1 / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

З 12 жніўня мабільны аператар velcom застаецца ў мінулым — ён ператвараецца ў тэлекамунікацыйнага аператара А1. Абаненты ўжо заўважылі гэта — назва сеткі змянілася ў іх смартфонах.

Змяніўся і афіцыйны сайт аператара — замест velcom.by гэта цяпер a1.by. А кароткі нумар службы падтрымкі A1 — не 411, як было раней у velcom, а 150.

“Альфа” і eSIM

Разам з рэбрэндынгам А1 выпускае ўласны смартфон “Альфа”, распрацаваны кампаніяй ZTE. Апарат мае дысплэй з дыаганалью 6,2”. Танны працэсар прылады не дазволіць камфортна праводзіць час у сучасных гульнях.

Яшчэ адна навінка: першым з беларускіх аператараў А1 запускае тэхналогію eSIM, віртуальны профіль карыстальніка, які фізічна ўяўляе з сябе не звыклую сім-карту, а асобны няздымны чып на плаце смартфона. Праз eSIM кожны абанент можа адначасова карыстацца паслугамі пяці розных мабільных аператараў і лёгка паміж імі пераключацца. Важная рэч, пра якую не варта забывацца, — тэхналогію eSIM пакуль што падтрымліваюць толькі апошнія мадэлі iPhone (XS, XS Max, XR), смартфон Google Pixel, планшэты Apple і Microsoft Surface, а таксама разумныя гадзіннікі Apple, Samsung і Huawei.

Цікава, што ў Расіі ФСБ і "Вялікая тройка" расійскіх мабільных аператараў выступілі супраць eSIM. Аператары асцерагаюцца канкурэнцыі з боку кампаній, якія пасля ўкаранення тэхналогіі змогуць прадаваць іх паслугі віртуальна. У сілавікоў жа свой інтарэс: пытанні прыватнасці ідэнтыфікацыі карыстальнікаў.

Калі ў красавіку Еўрарадыё пыталася ў velcom | A1 пра магчымы запуск eSIM, кампанія адказала, што "працуе над праектам”. Аднак адказ, які мы атрымалі, слова ў слова паўтараў каментарый для СМІ, які прадстаўнікі кампаніі давалі ў 2017 годзе. Мы ж думалі, што гэта адпіска. Але высветлілася, што над праектам сапраўды працавалі.

voka cinema і ScreenX

Гуляць дык гуляць. На сённяшнай прэзентацыі A1 абвясціў, што ў верасні адкрые першую ў СНД кіназалу з экранам ScreenX. Гэта такая зала, дзе экранамі з’яўляюцца тры сцяны з чатырох, што забяспечвае глыбокі эфект паглыблення. Прадстаўнікі кампаніі абяцаюць, што ўсе кінапрэм’еры будуць трапляць на экраны сучаснай залы адначасова са звычайнымі кінатэатрамі.

 

Ілюстрацыйнае фота тэхналогіі ScreenX / thenational.ae

Свой кінатэатр velcom cinema кампанія вырашыла пераіменаваць у voka cinema. 

Роўмінг з Расіяй і беларуская мова ў pr

А вось па пытанні саюзнага роўмінгу вялікага прагрэса пакуль няма. Кіраўнікі A1 адзначылі, што перамовы ідуць, але яны пакуль далёкія ад завяршэння. Адзін з галоўных спрэчных момантаў для беларускага аператара — роўныя ўмовы для абодвух бакоў.

Запыталіся ў босаў A1 і пра беларускую мову, якую кампанія часта выкарыстоўвае ў сваіх pr-праектах і знешніх камунікацыях. Нас заверылі, што кампанія не збіраецца ад яе адмаўляцца. А колькасць праектаў, накіраваных на развіццё беларускай мовы і культуры, будзе толькі пашырацца.