Ватыкан абвесціць байкот фільму «Анёлы і дэманы»

Ватыкан мае намер абвясціць байкот фільму «Анёлы і дэманы», знятаму паводле аднайменнай кнігі Дэна Браўна. Прэм'ера прызначаная на 13 траўня 2009 года. У Ватыкане ідуць дыскусіі з нагоды таго, як лепш рэагаваць на фільм “Анёлы і дэманы”, які, згодна са словамі багасловаў, накіраваны на падрыў Каталіцкай царквы, піша The Times.

Так, паводле меркавання важнага тэолага Джані Джэнары (Gianni Gennari), царква ў карціне згадваецца толькі для таго, каб напоўніць касы кінастудый. Гэты фільм, на думку багаслова, з'яўляецца "безнадзейнай спробай падарваць давер да царквы, якая на працягу двух тысячагоддзяў вытрымоўвае ўсе ўдары і якую падтрымлівае Святы Дух".
Назваўшы карціну "адкрытай бессаромнасцю", Джэнары заклікаў "павярнуцца спіной да кінатэатраў, якія будуць трансляваць фільм, і прайсці міма", паведамляе італьянская газета Lа Stampa.

Аднак некаторыя прадстаўнікі царквы лічаць, што заклікі да байкоту толькі падагрэюць цікавасць аўдыторыі да фільма. Як адзначаюць эксперты, так адбылося з папярэдняй экранізацыяй твора Браўна — «Код да Вінчы», які выйшаў на экраны ў 2006 годзе і супраць якога выступаў Ватыкан.

Адзначым, раней Святы Пасад не дазволіў праводзіць здымкі «Анёлаў і дэманаў» унутры  рымскіх цэркваў Санта-Марыя-дэль-Попала і Санта-Марыя-дэла-Віторыя (дзе паводле кнігі адбыліся зверскія забойствы святароў), матываваўшы гэта тым, што фільм можа "абразіць рэлігійныя пачуцці" вернікаў.

У фільме Columbia Pictures «Анёлы і дэманы» галоўную ролю — гарвардскага прафесара Роберта Лэнгдана — як і ў «Кодзе да Вінчы», выканае Том Хэнкс. У новай стужцы ён расследуе загадкавае забойства навукоўцы і спрабуе сарваць задуму нейкага таямнічага аб'яднання ілюмінатаў, якія, паводле сюжэту, хочуць падарваць Ватыкан.

Нагадаем, што экранізацыя кнігі “Код да Вінчы” падвергнулася зруйнавальнай крытыцы з боку рэлігійных арганізацый, бо карціна абражае Святое Пісанне. Раман Дэна Браўна заснаваны на меркаванні, што Ісус ажаніўся з Марыяй Магдалінай, і ў яго былі дзеці. У Індыі, Кітаі і Пакістане паказ фільма быў забаронены.

Нягледзячы на скандал, фільм устанавіў касавыя рэкорды нават у краінах з вялікай колькасцю каталікоў — такіх, як Італія і Іспанія.

Тым часам аўтар «Кода ды Вінчы» і «Анёлаў і дэманаў» напісаў новую кнігу пра прыгоды прафесара Роберта Лэнгдана, якая атрымала працоўную назву «Ключ Саламона» (The Solomon Key).

Фота: www.timeinc.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі