Валянцін Лазарэнкаў: Сацыял-дэмакратычная ідэя не можа быць уладнай

120529 LazarenkauS.mp3


Сацыял-дэмакратычная партыя Грамада з трэцяга разу атрымала рэгістрацыю ў міністэрстве юстыцыі.Намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі, сябра цэнтральнага камітэта беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Валянцін Лазарэнкаў пракаментаваў гэтую падзею для Еўрарадыё.


Еўрарадыё: На вашую думку, чаму ўсё ж удалося атрымаць рэгістрацыю?


Валянцін Лазарэнкаў: Калі рэгіструюцца маладыя партыі, зразумела, што ёсць праблемы. Наша партыя адзначыла ўжо 20-годдзе, а як спадчынніца папярэднікаў – то ўжо амаль 100 год. Не так проста яе не зарэгістраваць. Праблемы нерэгістравання былі штучнымі з-за паводзінаў лідараў. У самой партыі праблем не было. Былі праблемы з кіраўніцтвам, якое не пераабралі. Былі таксама прэтэнзіі тэхнічнага характару ў Міністэрства юстыцыі.


Еўрарадыё: Былы лідар партыі Анатоль Ляўковіч збіраецца стварыць аб’яднанне “За дыялог і кансалідацыю”  вы маглі б патлумачыць, што гэта такое – яго адказ вашай партыі ці гульні з рэжымам?


Валянцін Лазарэнкаў: Праблемы з лідарамі былі заўсёды. Магу нагадаць, што частка нашай партыі з’явілася ў кіраўніцтве партыі Шушкевіча, пазней была праблема са Статкевічам, які сышоў са з’езду і стварае зараз іншую партыю. Былі праблемы з Казуліным. Пэўная колькасць людзей заўсёды не лепшым чынам выкарыстоўвае свае магчымасці лідара. Лідар гэта заўсёды людское стаўленне, гэта дэлегаванне, часовая пасада. Калі Анатоль Ляўковіч даведаўся, што не будзе пераабраны, ён павёў сябе, як і ўсе папярэднія. Але якія б ні былі праблемы – партыя жывая, налічвае неабходную колькасць, паўтары тысячы чалавек, і робіць сваю справу. Што датычыцца стварэння арганізацыі – гэта права Анатоля Ляўковіча, як выкладчыка ўніверсітэта, кандыдата навук, нейкім чынам прыкласці свае магчымасці і веды. Першая незалежная ўлада, якая ў нас будзе – будзе сацыял-дэмакратычная, у гэтым ніхто не сумняецца. 


Еўрарадыё: Што плануе рабіць сацыял-дэмакратычная партыя з новым складам кіраўніцтва падчас парламенцкіх выбараў?


Валянцін Лазарэнкаў: Я асабіста лічу, што партыя павінна рабіць сваю справу – ісці да народа. Я не памятаю, каб байкотам можна было дасягнуць гэтай мэты. Калі іншыя партыі хочуць праэксперыментаваць з такім варыянтам – гэта іх права. А мы памятаем досвед 2000-га года, калі попелам пасыпалі галаву ўсе, хто не пайшоў на выбары, і атрымаўся байкот. Статкевіч тады казаў пра гэта. Якімі будуць выбары – гэта праблема дзяржавы, а мы ідзем да грамадзянаў, і яны вызначаюць сваё стаўленне да сацыял-дэмакратычнай ідэі. 


Еўрарадыё: Дык якая тады мэта сацыял-дэмакратаў?


Валянцін Лазарэнкаў: Прабівацца там, дзе магчыма, хоць на асобных участках. Стратэгічная наша мэта – прыход ва ўладу. Прамежкавая мэта – заўжды трымаць порах сухім. Мы заўсёды рэальна размаўляем з людзьмі і рэальна ведаем, дзе мы. Мы павінны мець пляцоўкі, з якіх пачынаць наступ. Для нашых людзей удзел у выбарах – гэта практыка. 

 Еўрарадыё: Ці не звязваеце вы рэгістрацыю партыі з тым, што ўладзе зараз выгодна, каб на выбарах былі кандыдаты ад апазіцыі?


Валянцін Лазарэнкаў: Я думаю, што не. Чаму ж яны тады не рэгістравалі нас? Гэта паказвае, што ва ўлады праблемы з гэтай партыяй. Кіраўнік захацеў легчы пад уладу – партыя сказала “не”. І сёння былы кіраўнік нават не з’яўляецца сябрам партыі. Гэта партыя Казуліна, Статкевіча, Трусава. Сацыял-дэмакратычная ідэя не можа быць уладнай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі