Уварванне Расіі ва Украіну: першыя загінулыя, першыя палонныя і заклік да маці

Абстрэл аднаго з аб'ектаў Дзяржаўнай памежнай службы Украіны / Дзяржаўная памежная служба Украіны
Абстрэл аднаго з аб'ектаў Дзяржаўнай памежнай службы Украіны / Дзяржаўная памежная служба Украіны

Адзін з прыхільнікаў Уладзіміра Пуціна ў Еўропе прэзідэнт Чэхіі Мілаш Земан заклікаў ізаляваць Расію. І прызнаў, што тое, што адбываецца сёння, — злачынства супраць чалавечнасці.

"Расія здзейсніла злачынства супраць чалавечнасці, раней казаў, што "рускія не вар'яты", каб уварвацца ва Украіну, цяпер бачу, што памыляўся. Вар'ятаў трэба ізаляваць. Расію чакае ізаляцыя і адзінота".

Коратка пра падзеі ва Украіне і вакол яе да гэтай гадзіны — у аглядзе Еўрарадыё.
 

Дзверы адчыненыя

Аляксандр Лукашэнка прапануе правесці перамовы ў Мінску. А тым часам расійскія войскі ідуць на прарыў дзяржаўнай мяжы Украіны праз пункт пропуску "Вільча", які знаходзіцца на беларуска-ўкраінскай мяжы. Пра гэта паведамляе памежная служба Украіны.

Памежнікі адбіваюць наступ разам з вайскоўцамі.

Паведамленне памежнай службы Украіны

"Нічым не пагражае"

Крэмль не называе тое, што адбываецца, вайной, для расійскага кіраўніцтва гэта "спецаперацыя". Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін сёння звярнуўся да ўкраінцаў і сказаў, што мірным грамадзянам гэтая "спецаперацыя" нічым не пагражае.

Пакуль яшчэ складана падлічыць колькасць ахвяр. Але ўжо цяпер мы ведаем пра страты сярод цывільнага насельніцтва.

У горадзе Чугуеў — Харкаўская вобласць — снарад трапіў у жылы будынак, загінула непаўналетняе дзіця. Ва Умані — горад у Чаркаскай вобласці — снарад трапіў у цэнтральную частку горада, загінуў цывільны.

 

"Маці, выходзьце на вуліцы"

Дзяржаўныя расійскія каналы распаўсюджваюць заявы Дзяніса Пушыліна пра тое, што ўкраінскія вайскоўцы здаюцца ў палон. У гэты ж час намеснік кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка расказаў пра палонных расійскіх вайскоўцаў.

Галоўнае ў гэтым кантэксце — не колькасць палонных з двух бакоў, а заклік Герашчанкі:

"Расійскія маці! Выходзьце на вуліцы! Патрабуйце спыніць вайну!" — прыводзіць яго словы агенцтва УНІАН.

"Расійскія маці! Патрабуйце спыніць вайну!"

"Галоўная наша абарона — наша войска і наш народ"

Міністр абароны Украіны Рэзнікаў заявіў: на ўсходзе ворага адкінулі. Ён заклікаў усіх, хто здольны трымаць у руках зброю, уступаць у сілы тэрытарыяльнай абароны.

"Галоўнае, захоўвайце спокой. Мы пераможам", — сказаў міністр.

Незадоўга да гэтага Уладзімір Зяленскі казаў: "Мы ўжо выдаём і будзем выдаваць зброю для абароны нашай зямлі". Ён паабяцаў зняць санкцыі з усіх грамадзян Украіны, якія ўступяць у атрады тэрытарыяльнай абароны.

Зяленскі таксама заклікаў украінцаў стаць донарамі крыві для Узброеных сіл.
 

Рэакцыя Усходняй Еўропы

Дзяржавы-сябры Паўночнаатлантычнага альянсу Польшча, Эстонія, Латвія і Літва звярнуліся да 4-га артыкула НАТА. Гэта значыць, што бакі будуць кансультавацца кожны раз, як палічаць, што іх тэрытарыяльнай цэласнасці, палітычнай незалежнасці ці бяспецы нешта пагражае.

Кансультацыі па гэтым артыкуле могуць прывесці да калектыўных дзеянняў 30 дзяржаў-сябраў. Гэты артыкул ініцыяваўся шэсць разоў з моманту ўтварэння альянсу ў 1949 годзе. Апошні раз — Турцыяй у лютым 2020 года.

Польшча ўжыла чацвёрты артыкул у 2014 годзе пасля расійскай агрэсіі ва Украіне. Тая сустрэча прывяла да далейшых намаганняў альянсу па сумесным супрацьстаянні пагрозам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі