“Усходняе партнёрства” можа адбыцца на ўмовах афіцыйнага Мінску

“Усходняе партнёрства” — каму яно патрэбнае ў Беларусі і ці патрэбнае ўвогуле? Гэтым пытаннем задаюцца ўжо сёння арганізатары Форуму грамадзянскай супольнасці, запланаванага на 28 кастрычніка ў Мінску. Форум прысвечаны праграме “Ўсходняе Партнёрства” і ўдзелу ў ім грамадзянскай супольнасці. Яго падрыхтоўкай займаюцца актывісты Міжнароднага кансорцыюму “Еўрабеларусь”, Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў, Руху “За свабоду” і Асамблеі няўрадавых арганізацыяў. Грамадскія актывісты і эксперты спадзяюцца, што здолеюць сабраць усе зацікаўленыя бакі як з незалежніцкіх, гэтак і з праўладных аб’яднанняў.

Арганізатары адзначаюць, што задзіночання беларускага “трэцяга сектару” вымагае і ўласна Праграма “Ўсходняе Партнёрства”. Паводле яе, грамадзянская супольнасць з’яўляецца ключавым фактарам дэмакратычных і рынкава-арыентаваных рэформаў. Таму без раўнапраўнага ўдзелу “трэцяга сектару” Ўсходняе партнёрства немагчымае.

Беларускі афіцыйны бок ужо сёння рапартуе пра гатоўнасць рэалізаваць сумесныя праекты ў рамках Праграмы. Пры гэтым наша краіна дагэтуль не выканала асноўныя патрабаванні Еўрасаюзу: не адмененае смяротнае пакаранне, няма ўстойлівага дыялогу з грамадскасцю, палітычная апазіцыя не прадстаўленая ў выбарчых органах. Аднак улады настойваюць на дачыненнях і праектах выключна эканамічнага характару. Паводле намесніка міністра замежных спраў Валерыя Варанецкага, патрабаванні Еўразвязу аб зрухах і ў іншых сферах – напрыклад, удзел апазіцыі ў беларускай парламенцкай групе — і ўвогуле “нетрадыцыйныя”.
Што такое “нетрадыцыйныя” патрабаванні і як да іх ставіцца, для Еўрарадыё патлумачыла намесніца начальніка Упраўлення інфармацыі МЗС Беларусі Марыя Ваньшына:

Марыя Ваньшына: “А што вам не зразумела? Там усё самае відавочнае. Больш аніякіх каментароў не будзе. У чым праблема? Я не разумею! Намеснік міністра ўсё адказаў – чаго вы яшчэ хочаце? Усё намеснік міністра, уважліва чытайце, сказаў – больш ані я, ані Папоў (Андрэй Папоў, прэс-сакратар МЗС Беларусі – заўв. Еўрарадыё) вам нічога гаварыць не будзем. Дзякуй. Да пабачэння”.

Паўплываць на ператварэнне “нетрадыцыйнай” дэмакратыі ў “традыцыйную” – галоўная задача беларускай грамадзянскай супольнасці. Менавіта таму Еўропа і зацікаўленая ў прыцягненні да дыялогу прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, упэўнены Андрэй Ягораў, палітолаг з Міжнароднага кансорцыюму “Еўрабеларусь”.

Андрэй Ягораў: “Таму што яны ведаюць, што вось гэтая частка грамадства татальна выключаная з усіх прадстаўнічых структур. І калі ствараецца парламенцкая група, то атрымоўваецца, што частка беларускага грамадства не мае аніякага голасу. Бо яна там анікім не прадстаўляецца. І, ведаючы пра гэта, Еўропа, канешне ж, можа рабіць такія захады, каб уключыць у такія працоўныя групы прадстаўнікоў альтэрнатыўнага неафіцыйнага незалежнага беларускага грамадства”.

Незалежныя эксперты кажуць, што беларускія ўлады могуць імітаваць дэмакратызацыю — напрыклад, праз стварэнне кішэннай апазіцыі альбо псеўданезалежных СМІ. Папярэдзіць такую імітацыю мусіць адмысловы грамадскі кантроль. Над стварэннем яго механізмаў і працуюць цяпер грамадскія актывісты. Андрэй Ягораў упэўнены, што час для гэтай працы яшчэ ёсць.

Андрэй Ягораў: “Тое, што зараз механізмы кантролю грамадзянскай супольнасці над рэалізацыяй праектаў не ўсталяваныя, гэта пакуль што не замінае, па фармальных крытэрах, узаемадзейнічаць Еўропе і Беларусі”.

Аднак удзел ва “Ўсходнім Партнёрстве” грамадзянскай супольнасці ўсё-ткі не варта лічыць панацэяй, падкрэслівае кіраўніца Офісу “За дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская. Без рашучых і прынцыповых крокаў з боку Еўрасаюзу высілкі айчынных дэмакратычных сіл могуць быць папросту не заўважаныя.

Вольга Стужынская: “Актыўную ролю і больш шансаў сёння мае, на мой погляд, Еўрапейскі Звяз, які павінен настойваць на тым, каб разам з эканамічнымі рэформамі таксама ішлі і ўсе іншыя рэформы. Сёння шанцаў на тое, што гэта адбудзецца, шмат з-за самых розных чыннікаў — такіх, як адносіны з Расіяй, такіх, як эканамічны крызіс, і гэтак далей”.

Чым пачастуе Еўразвяз Лукашэнку: пернікам саступак у галіне дэмакратызацыі ці бізуном настойлівых патрабаванняў — меркаваць пакуль што рана. Аднак калі афіцыйны Мінск здолее абысці нязручныя для яго пытанні дыялогу і правоў чалавека, вінаваціць у гэтым варта сярод іншага і беларускія дэмакратычныя сілы, перакананая Вольга Стужынская.

Вольга Стужынская: “Што тычыцца некаторых рэчаў, такіх, як удзел апазіцыі – зразумела, што гэта слушнае, абсалютна нармальнае патрабаванне ў адносінах з такой краінай, як Беларусь. Але ці будзе гэта прынята афіцыйным беларускім бокам – тут, я думаю, ані вы, ані я дакладна сказаць не можам. З пункту гледжання Брусэлю, падыйдуць наступныя прэзідэнцкія выбары – няма моцных партыяў, няма адзінага кандыдата. То, зразумела, палітыка Брусэлю будзе больш накіраваная на дыялог з уладай. Ну таму што — а з кім тады размаўляць?”

Фота — "Arche"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі