Урад Беларусі зацвердзіў план па дэбюракратызацыі дзяржапарату

Урад Беларусі зацвердзіў план мерапрыемстваў па дэбюракратызацыі дзяржапарату. Ён апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, інфармуе БЕЛТА.

Паводле дакумента, адзіны партал электронных паслуг з 1 студзеня 2016-га стане базавай кропкай доступу пры дыстанцыйнай падачы заяваў аб здзяйсненні адміністрацыйных працэдураў у электронным выглядзе (адпаведна — і для атрымання вынікаў адміністрацыйных рашэнняў дзяржорганаў у выглядзе электроннага дакумента).

Таксама прадугледжваецца пашырэнне практыкі правядзення прэс-канферэнцый, іншых мерапрыемстваў "па актуальных для насельніцтва пытаннях". На іх мусяць прыцягвацца дэпутаты ўсіх узроўняў, прадстаўнікі СМІ і грамадскіх аб'яднанняў. Цяпер дзяржорганам і арганізацыям давядзецца аператыўна змяшчаць на сваіх сайтах інфармацыю пра змены ў заканадаўстве. Людзям трэба будзе растлумачваць, як гэтыя новаўвядзенні закранаюць іх правы, абавязкі і законныя інтарэсы.

Да 1 снежня 2015 года дзяржаўныя органы і арганізацыі павінны рэалізаваць мерапрыемствы, накіраваныя на забеспячэнне своечасовага пераходу на міжведамаснае электроннае ўзаемадзеянне. Мусіць быць скарочаны папяровы дакументаабарот.

За выкананне плана па дэбюракратызацыі адказваць будуць кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржарганізацый, якія падначаленыя ўраду, а таксама старшыні аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.


Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі