Уладзіслаў Іназемцаў: Расіі ў яе сённяшнім выглядзе трэба сур’ёзна асцерагацца

Уладзіслаў Іназемцаў — доктар эканамічных навук, дырэктар Цэнтра даследаванняў постіндустрыяльнага грамадства. Гутаркай з ім мы працягваем аўтарскую праграму Змітра Лукашука "Курсор". Нагадаем, у межах сумеснага праекта Euroradio, Naviny.by, ePramova.org і Aru.tv мы ўжо пагутарылі з Аркадзем Мошасам, Яўгенам Магдай і Аляксандрам Класкоўскім.

Пра сувязь дабрабыту беларусаў з праблемамі ў расійскай эканоміцы

 

Сітуацыя ў Расіі выглядае наступным чынам: мы будзем жыць не тое, каб дрэнна, але вельмі доўга не добра. Цяперашні расійскі крызіс не такі страшны, як крызіс 1998-га года, ці эканамічны правал 2009-га года. гэты крызіс — мінімум на 3-4 гады. Ён не будзе вельмі глыбокім, але будзе доўгім і вельмі балючым. Узровень жыцця будзе пастаянна зніжацца, шмат прадпрыемстваў сыдзе з рынка, будзе хваля банкруцтваў, будуць праблемы ў банкаўскай сферы. Гэта прывядзе да змяншэння магчымасці атрымання Беларуссю крэдытаў з Расіі, будуць узнікаць палітычныя непаразуменні. Беларусам трэба рыхтавацца да цяжкіх часоў.

 

За кошт чаго расійская эканоміка пачне аднаўленне

 

Расійская палітычная эліта спадзяецца на рост коштаў на нафту. І з гэтай нагоды ў бюджэт на 2016-ы год закладзены кошт ў 50 долараў за барэль. Але я больш спадзяюся на тое, што ў Расіі пачнецца павышэнне эфектыўнасці вытворчасці. Але і гэта не будзе ростам эканомікі — будзе спыненне падзення і рост у межах статыстычнай памылкі.

 

Пра верагоднасць поўнай адмовы ад выкарыстання нафтапрадуктаў

 

Цяпер у машынабудаўніцтве вырабляецца каля 2% электрамабіляў ад агульнай колькасці аўто. Але толькі калі гэта лічба дасягне 30%, мы зможам убачыць сур’ёзны ўплыў гэтага факта на рынак энерганосьбітаў. Пры існуючай дынаміцы такое здарыцца гадоў праз 20-25. Пры гэтым у свеце шмат бедных краін, для якіх эфектыўнасць эканомікі важнейшая за ўсе прыродаахоўныя тэхналогіі. І калі нават нейкія еўрапейскія краіны цалкам адмовяцца ад спажывання нафтапрадуктаў, больш іх стануць спажываць Кітай ды Індыя.

 

Пра магчымы развал Расіі ў выніку эканамічнага калапсу

 

Тэзісы, што Расія рухне з-за вялікіх затрат на Крым, ці што яна разваліцца з-за ўнутраных супярэчнасцяў выклікаюць сумневы ў адэкватнасці тых, хто іх агучвае. Гэтага не здарыцца. Прычын для развалу ці імклівага краху Расіі няма. І расійскі, і беларускі народы лягчэй перажываюць цяжкасці, чым поспехі. Ад поспехаў у нас кружыцца галава, а цяжкасці робяць нас больш згуртаванымі і ўтрымліваюць у стане больш-менш эфектыўнай дзейнасці. Прычым, гэтыя цяжкасці расіяне не звязваюць з Пуціным. І каб адбыўся народны бунт супраць улады, узровень жыцця павінен знізіцца мінімум на 30%. Што цяпер нерэальна.

 

Пра курс расійскага рубля і ўплыў яго на курс рубля беларускага

 

Цягам года курс расійскага рубля то падаў да 70 рублёў за долар, то ўзнімаўся да 50 рублёў. Думаю, у снежні і курс расійскага рубля да долара можа скласці каля 75 рублёў. І сярэднегадавы курс у 2016-м годзе будзе каля гэтай лічбы. Такім чынам, не будзе 100 рублёў за долар, але і да 50 мы не вернемся. У той жа час палітыка Нацбанка Беларусі наўрад ці з’яўляецца незалежнай. Таму я не думаю, што і дынаміка курса беларускага рубля ў дачыненні да расійскага будзе захаваная. І не выключана, што ўнутраныя беларускія праблемы запатрабуюць ад фінансавых уладаў вашай краіны правядзення нейкай дэвальвацыі незалежна ад курса расійскага рубля і сітуацыі ў расійскай эканоміцы.

 

Пра расійскія крэдыты Беларусі

 

Шансы атрымаць чарговы двух з паловай-мільярдны крэдыт ад Расіі у Беларусі ёсць. Бо пытанне гэта больш палітычнае, чым эканамічнае. Бо для расійскай улады фінансавая падтрымка Беларусі гэта не столькі дапамога саюзніку, колькі стварэнне ілюзіі дзеяздольнасці Мытнага саюза.

 

Пра магчымасці пашырэння эканамічнай інтэграцыі з Расіяй

 

Сёння Беларусь імкнецца і ў Расію інтэгравацца, і падтрымліваць нармальныя стасункі з Еўропай. У Пуціна такая пазіцыя Мінска будзе выклікаць усё больш незадаволенасці. Добры прыклад — Украіна. Таму Беларусі трэба выбіраць, ці яна сапраўды і цалкам інтэгруецца ў расійскую эканоміку, ці яна пачынае рэальна супрацоўнічаць з Еўропай. Выбар залежыць як ад таго, ці гатовыя еўрапейцы да такога супрацоўніцтва з Беларуссю і ці мае Беларусь стратэгію працы на расійскім рынку. Пакуль я такой стратэгіі не бачу.

 

Пра небяспеку глыбокай эканамічнай інтэграцыі Беларусі ў расійскую эканоміку

 

Гэта небяспечна для незалежнасці Беларусі, бо непрадказальнасць расійскай палітыкі відавочная. А палітычныя супярэчнасці паміж Мінскам і Масквой могуць прывесці як да гандлёвых ці газавых войнаў, так і да нечага горшага. Да прыкладу, калі Беларусь катэгарычна адмовіцца ад размяшчэння на сваёй тэрыторыі расійскай авіябазы, то Крэмль можа пайсці на правядзенне ў дачыненні да Беларусі жорсткай эканамічнай палітыкі. Расіі ў яе сённяшнім выглядзе трэба сур’ёзна асцерагацца.

 

Пры жыццяздольнасць Мытнага і Еўразійскага саюзаў

 

Яны жыццяздольныя, але бессэнсоўныя. Возьмем Расію і Казахстан — гэта дзве сыравінныя эканомікі. У Расіі сыравіна забяспечвае 77% экспарту, у Казахстане — 90%. Мы бачым дзве эканомікі, залежныя ад экспарту. А экспартуюцца тавары на адны і тыя ж рынкі. Калі дзве такія эканомікі аб’яднаць, яны не стануць ні тэхналагічна лепшымі, ні больш эфектыўнымі. Таму без розніцы, будуць Расія, Казахстан і Кіргізія жыць у Мытным саюзе ці асобна, але з малымі мытнымі пошлінамі. Беларусь — выключэнне. Яна краіна прамысловая, а не сыравінная і ў яе больш магчымасцяў атрымаць выйгрыш ад Мытнага ці Еўразійскага саюза.

Фота: Змітра Лукашука