Класкоўскі: Варта не пра выбары думаць, а пашыраць сваю ўнутраную свабоду

Класкоўскі: Варта не пра выбары думаць, а пашыраць сваю ўнутраную свабоду

Аляксандр Класкоўскі — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер. Гутаркай з ім мы працягваем аўтарскую праграму Змітра Лукашука "Курсор". Нагадаем, у межах сумеснага праекта Euroradio, Naviny.by, ePramova.org і Aru.tv мы ўжо пагутарылі з Аркадзем Мошасам і Яўгенам Магдай.

Прэзідэнцкія выбары 2015 — здрада ці перамога

Для Лукашэнкі гэта была чарговая элегантная перамога, якая выглядала выключна справай тэхнікі. А прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцяў на гэтых выбарах не было чаго лавіць. І таму жарсці на тэму “здрада-перамога”, якія віравалі на тэму выбараў у сацсетках, — жарсці віртуальныя, бо не ў фэйсбуку будуць вырашацца галоўныя пытанні Беларусі. А тут мы маем што? Дэградацыя краіны працягнецца. Што да выбараў, то гэта была самая нецікавая выбарчая кампанія. Толькі мне падаецца, што самыя драматычныя падзеі пачнуцца зараз, пасля выбараў. А ёсць яшчэ і такая калізія, як “Караткевіч і астатняя апазіцыя”.

Пра цікавосткі “нецікавых выбараў” — несабраныя подпісы, сваркі з Караткевіч

Сяргей Калякін сказаў у бок Караткевіч: “Гэта несапраўдная апазіцыя, яны не сабралі подпісы”. Сказаў пасля таго, як ні ён, ні Лябедзька самі подпісы не сабралі. Але ж яны — кааліцыя “Талака”. Чаму яны пайшлі на выбары паасобку? Вось цана ўсім гэтым кааліцыям! А кіданне камянёў у Караткевіч пасля таго як сам не сабраў подпісы — кіданне з пазіцыі лузера. У 2010 годзе практычна ніхто з кандыдатаў таксама тых подпісаў не сабраў, але тады рэжым дазволіў гуляць у гульню з рэгістрацыяй кандыдатаў, і ніхто на такі нюанс, як несабраныя подпісы не зважаў, а тут усе сталі маралістамі. Ды і ўвогуле, што мы маем: Калякін кажа, што Караткевіч не дэмакрат, Статкевіч гаворыць, што яму з былымі камуністамі і Калякіным не па дарозе і яны не дэмакраты, КХП-БНФ усіх называе калабарантамі. Сёння ўсе падзелы на сапраўдную-несапраўдную, маральную-амаральную апазіцыю абсалютна не канструктыўныя. Апазіцыя перастала быць сапраўдным гульцом на беларускім палітычным полі.

Пра выбарчую кампанію Таццяны Караткевіч

“Гавары праўду” ідуць як танкі — выбралі сваю стратэгію і не вагаюцца. У адрозненне ад іншых, якія спачатку “давайце паўдзельнічаем”, а калі праляцелі ва ўсім, сталі “байкатыстамі”. Дзейнасць Дзмітрыева і “Гавары праўду” паказвае, як паслядоўная, пісьменная паліттэхналагічная праца дае вынік — з нуля раскруцілі, і, я думаю, на гэтых выбарах Караткевіч рэальна магла набраць 20-25%. Аказалася, калі ўкласці сілу, энергію, мазгі і калі ёсць настрой на рэальную справу, а не кіданне пантоў, то можна нават з не вельмі ўдалага зыходнага матэрыялу зрабіць палітычную фігуру. І яна здолела перацягнуць на свой бок частку электаральнага “балота”, тых, хто ніколі за так званую радыкальную апазіцыю не галасаваў і не будзе гэтага рабіць.

Пра “атручванне” Цярэшчанкі

Улада выбудоўвае канфігурацыю кампаніі як хоча. Адабралі ўдзельнікаў з запасам, а потым вырашылі ахвяраваць Цярэшчанкам. Ён мог пэўныя асцярогі выклікаць: кепская эканамічная сітуацыя ў краіне, а тут чалавек выглядае разумным, нейкія графікі развешвае… Плюс уладзе трэба было паказаць прынцыповасць знешнім назіральнікам за беларускай выбарчай кампаніяй. Іншая справа, што і Улаховіч з Гайдукевічам подпісы збіралі прыблізна як Цярэшчанка — занадта вялікай актыўнасці з іх боку мы не бачылі.

Пра шансы “Гавары праўду” трапіць у парламент

“Феномен Караткевіч” быў нечаканым і для ўлады. І наверсе, мяркую, доўга думалі: колькі ж ёй напісаць адсоткаў, бо даваць 15-20% нельга. Па версіі Дзмітрыева, атрымаць пару мандатаў і парламенце — не іх галоўная мэта. Яны нібыта ўжо нацэліліся на выбары 2020 года і працуюць на тое, каб як мага больш беларусаў пра іх ведала. Што да месцаў у парламенце, хутчэй за ўсё ім іх не дадуць. Эксперыментаў з “лаяльнай апазіцыяй” у парламенце Лукашэнку хапіла.

Ці далёка зойдзе гульня Мінска з Захадам

Збліжэнне з Захадам вымагае эканамічных, а следам і палітычных рэформ, і таму далёка па гэтым шляху збліжэння Лукашэнка не пойдзе — будзе толькі імітацыя. Пэўнае збліжэнне неабходнае, каб хоць крыху адпаўзці ад Расіі — каб было больш месца для манеўра.

Пра тэзіс “чым горш — тым лепш для магчымых перамен”

Не спрацуе — беларусы вельмі цярплівыя. Апроч таго, у такой сітуацыі беларускія ўлады больш безабаронныя перад Масквой — даводзіцца больш у яе прасіць і больш ёй саступаць. Незаўважны рух у бок Еўропы нават пры цяперашняй уладзе дае больш перспектываў для незалежнасці, чым ва ўмовах пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў краіне.

Пра стратэгію на парламенцкія выбары

Не трэба разважаць пра стратэгію апазіцыі на выбарах: калі яна безнадзейна адстала ад падзей і не ў стане ўскочыць у апошні вагон цягніка сучаснасці — гэта іх праблемы. Трэба казаць пра будучыню Беларусі і нейкія варыянты развіцця падзей. Трэба проста пашыраць прастору асабістай свабоды. Трэба выціскаць з сябе раба і быць як мага менш залежным ад дзяржавы, укладацца ў сваю адукацыю, сваю справу — у гэтым будучыня Беларусі. А апазіцыя мусіць спрыяць гэтым працэсам. Праўда, для гэтага ёй неабходная доўгатэрміновая стратэгія, і тут імгненнага піяру не скосіш. Пытанне: ці здольная на гэта наша апазіцыя? Але калі мы пойдзем па гэтым шляху, то будзе фармавацца супольнасць людзей, якія разам змогуць зрабіць нейкія істотныя рэчы і для будучыні Беларусі. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі