Украінская разведка заклікала сваіх грамадзян не ездзіць у Беларусь
Мяжа Беларусі, ілюстрацыйнае фота
Служба знешняй разведкі Украіны заклікае суайчыннікаў не наведваць Беларусь, якая падтрымлівае расійскую агрэсію.
Паводле ўкраінскіх разведчыкаў, пры паездках у Беларусь украінцаў могуць чакаць наступныя небяспекі:
— фільтрацыйныя захады: украінцаў дапытваюць пра мэту прыезду, збіраюць асабістыя звесткі, высвятляюць палітычныя погляды і г.д.;
— аналіз асабістых тэлефонаў: іх падлучаюць да спецыялізаванага "крыміналістычнага софту", каб сабраць усю інфармацыю з Telegram, Signal, WhatsApp ды іншых месенджараў. Ва ўкраінскай разведцы адзначаюць, што праграма дазваляе аднавіць і скапіяваць нават выдаленыя дыялогі. Атрыманая інфармацыя пагражае ўладальніку тэлефона затрыманнем і крымінальнай справай, бо невядома, як яе патрактуе беларускі бок;
— пры наяўнасці інфармацыі або перадачы звестак, якія ўлады Беларусі лічаць адчувальнымі, — або дэпартуюць з краіны, або абвінавачваюць у экстрэмізме, за што пагражае крымінальная адказнасць:
— за грамадзянамі Украіны ў Беларусі, як і на тэрыторыі Расіі, пільна сочаць спецыяльныя службы і міліцыя.
Украінская разведка папярэджвае суграмадзян, што ў Беларусі іх правы могуць парушаныя ў любы момант.
Некалькі тыдняў таму па абмене палонных з Беларусі былі вызваленыя грамадзяне Украіны, зняволеныя па палітычных матывах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.