Вы тут

Украінская авіякампанія плануе запусціць рэйсы з Гомеля ў Кіеў і Адэсу

Самалёт кампаніі YanAir / shoppingpl.com

Украінская авіякампанія YanAir плануе запусціць рэйсы з Гомеля ў Кіеў і Адэсу. На сайце кампаніі афіцыйнай інфармацыі наконт гэтага няма, але Дзяржаўная авіяцыйная служба Украіны ўжо кантактавала на гэты конт з беларускімі калегамі з Дэпартамента па авіяцыі.

— Я не ведаю, што яны [YanAir. — Еўрарадыё] плануюць. Але на цяперашні момант у нас ёсць прызначэнне ад авіяцыйных уладаў Украіны пра тое, што яны прызначаюць кампанію YanAir на рэйс "Кіеў — Гомель — Кіеў" і "Адэса — Гомель — Адэса", — каментуе Еўрарадыё начальнік аддзела рэгулявання перавозак і міжнароднага супрацоўніцтва Дэпартамента па авіяцыі Мікіта Сярэдзіч.

Часовая няяснасць з будучыняй магчымага маршруту тлумачыцца прамаруджваннем украінскага перавозчыка.

— Будзе гэты рэйс ці не — гэта ўжо залежыць ад авіякампаніі, — працягвае Мікіта. — Ім неабходна будзе прайсці акрэдытацыю ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Але пакуль што ад іх заяўка не падавалася. Пра тое, што ў іх ёсць нейкія планы на ажыццяўленне такіх рэйсаў, мы даведаліся выключна з прызначэння Дзяржаўнай авіяцыйнай службы Украіны. Калі выражацца алегорыяй, то цяпер мяч на іх баку. Калі яны сапраўды маюць намер выконваць такія рэйсы, то яны ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам падаюць дакументы, выходзяць на нас, мы праводзім акрэдытацыю, і калі яны гэтыя працэдуры выконваюць — то калі ласка, лятайце.

YanAir займаецца авіяперавозкамі з 2012 года, ажыццяўляе рэгулярныя і чартарныя рэйсы. У 2016 годзе кампанія была аштрафаваная Дзяржаўнай авіяцыйнай службай Украіны на 153 тысячы грыўняў за неналежную якасць абслугоўвання пасажыраў, а ў 2019 годзе праз шэраг заўваг па арганізацыі дзейнасці YanAir пазбавілі сертыфіката эксплуатанта. Крыху пазней сертыфікат кампаніі быў адноўлены.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.