Вы тут

Украіна чакае тлумачэнняў наконт "допыту" Пратасевіча прадстаўнікамі "ЛНР"

МЗС Беларусі давядзецца патлумачыць сітуацыю / БЕЛТА

Украіна чакае тлумачэнняў ад уладаў Беларусі наконт "следчых дзеянняў" з Раманам Пратасевічам, якія нібыта правялі прадстаўнікі "ЛНР". Пра гэта стала вядома пасля заявы апошніх.

Прэс-сакратар МЗС Украіны Алег Нікалаенка заявіў, што ў паведамленні "ЛНР" відавочная спроба Расіі "прадаставіць падначаленым ёй незаконным групоўкам хоць нейкую псеўдасуб'ектнасць". Таксама ён лічыць, што гэта пацвярджае наяўнасць расійскага сцэнара ў сітуацыі з пасадкай самалёта  Ryanair у Беларусі. "Расія не ўпускае шанцу пазбавіць Беларусь суверэнітэту і максімальна яе зацягнуць у свой геапалітычны парадак дня", — падкрэсліў прадстаўнік украінскага знешнепалітычнага ведамства.

На даручэнне міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы, украінскае пасольства ў Мінску звярнулася да беларускіх уладаў, каб атрымаць афіцыйныя тлумачэнні. Раней Кулеба папярэджваў афіцыйны Мінск, што Лукашэнку будзе балюча, калі да Пратасевіча пусцяць прадстаўнікоў "ЛНР".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.