Вы тут

У Жодзіне "замініравалі" школу — дзяцей і педагогаў эвакуявалі

Машына сапёрна-піратэхнічнай службы МУС / mvd.gov.by​

У школе №8 Жодзіна ў чацвер давялося вымушана адмяняць заняткі. На электронную пошту навучальнай установы прыйшоў ліст пра тое, што будынак замініраваны. Настаўнікі патэлефанавалі ў міліцыю. Гэта было ў 8:34, паведамілі ў прэс-службе УУС Мінскага аблвыканкама.

Да моманту прыбыцця на месца следча-аператыўнай групы ў будынку нікога не было — усіх дзяцей і педагогаў ужо эвакуявалі. Супрацоўнікі міліцыі выставілі ачапленне і пачалі праверку.

У Беларусі апошнім часам міліцыя вымушаная часта рэагаваць на ананімныя паведамленні пра "мініраванне".

У панядзелак, 15 лютага, сапёрна-піратэхнічная група выязджала на Мінскі завод шасцерняў. Паведамленне пра мініраванне таксама прыйшло на электронную пошту. Яно аказалася ілжывым.

А раней цягам некалькіх папярэдніх тыдняў такім жа чынам "мініравалі" два ўніверсітэты (БДУ і МДЛУ), некалькі школ і гімназій, Мінгарвыканкам, гатэлі "Мінск" і "Прэзідэнт-гатэль", а таксама гандлёвы цэнтр "Сталіца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.