Вы тут

У жанчыны, якую ўдарыў нагой расійскі сілавік, у бальніцы забралі адзенне

Маргарыта Юдзіна / Дзяніс Караткоў / "Новая газета"

23 студзеня падчас разгону пратэсту ў Санкт-Пецярбургу невядомы сілавік ударыў нагой у жывот 54-гадовую Маргарыту Юдзіну — відэа інцыдэнту імгненна разляцелася па сетцы. Жанчына трапіла ў рэанімацыю са страсеннем мазгоў. Да яе ў бальніцу з выбачэннямі і кветкамі з'явіліся палкоўнік міліцыі Сяргей Музыка і сам крыўдзіцель, які прадставіўся Колем. Але Маргарыта Юдзіна пастанавіла не здавацца: яна збіраецца ў Следчы камітэт з патрабаваннем распачаць крымінальную справу, а вінаватага прыцягнуць да адказнасці.

"Новая газета" паразмаўляла з Юдзінай пасля выпіскі: яна жыве ў Лузе — гэта за 150 кіламетраў ад Пецярбурга. Несамавіты драўляны дом на ўскраіне горада, трое дарослых дзяцей, сабака і некалькі котак.

"За кардонны кубачак справы крымінальныя заводзяць, а за страсенне мазгоў — дастаткова папрасіць прабачэння"

— Маргарыта, вы жывяце ў Лузе, а ўвечары 23 студзеня сустрэліся з паліцыяй на Неўскім праспекце. Што вас прывяло ў Пецярбург?

— Я ў Піцер паехала на пратэставы сход. За свабоду палітвязням, за свабоду Аляксею Навальнаму, якому пагражае небяспека ў зняволенні. Супраць карупцыі і бязмежжа. Ну і ў банк заадно заехала памяняць пратэрмінаваную картку.

— Не баяліся выходзіць на акцыю, якую ўлада загадзя абвясціла няўзгодненай і незаконнай?

— Нічога супрацьпраўнага я не здзяйсняла. У адпаведнасці з Канстытуцыяй мы маем права на свабоду сходаў, права свабоднага выказвання свайго меркавання. Заканадаўства аб мітынгах — дазволеных, не дазволеных — лічу, супярэчыць Канстытуцыі, таму, хутчэй, сам гэты закон незаконны.

— Як і дзе вы атрымалі траўму?

— Гэта было на Неўскім праспекце, каля Маскоўскага вакзала. Пад канец акцыі, калі народ пачаў разыходзіцца, каля паловы на шостую. Я ўжо хацела з'язджаць. Думала, што ўсё, усе разышліся, і раптам адкуль ні вазьміся з'яўляюцца амапаўцы. Навошта? Якое глупства. Навошта яны патрэбныя былі, калі ўжо амаль усе разышліся, навошта гэтая бессэнсоўная акцыя застрашвання? Я хацела сысці, але пачула крыкі, лямант — [праваахоўнікі] пачалі хапаць маладых людзей. Я выскачыла на праезную частку, побач з тратуарам. Убачыла, што спачатку нейкую дзяўчынку пацягнулі — гэта было далёка ад мяне. Потым я ўбачыла, што вядуць хлапчука. Я выйшла насустрач, сказала: "Апамятайцеся, што вы робіце?" І бачу, ляціць у мяне амапаўскі бот. Потым я дрэнна памятаю, што было. Рэзкі боль у галаве, мозг проста вочы выціснуў. Боль пякельны. Я страціла прытомнасць, але ненадоўга. Нейкія хлопцы мяне прывялі да прытомнасці, паднялі. Я як праз сон памятаю, што мяне адвялі на тратуар, потым на Маскоўскі вакзал. Я дрэнна памятаю гэтыя перыпетыі, мы дзесьці хадзілі, шукалі медпункт... У медпункце я больш-менш апрытомнела. Ну як апрытомнела — змагла размаўляць. Пад'ехала паліцыя, узялі ў мяне паказанні. Запісалі з маіх слоў, я падпісала.

Дом Маргарыты Юдзінай / Дзяніс Караткоў / "Новая"

"Я прасіла: прынясіце мне маё адзенне, хоць бы споднюю бялізну. Не належыць, кажуць"

— Што вы ім расказалі?

— Я расказала, што мяне ўдарыў амапавец, я памятаю, што так і было запісана. Гэта я потым даведалася, што гэта быў не амапавец, а паліцэйскі.

— Калі вас адвезлі ў клініку?

— Усё вельмі доўга цягнулася, у медпункце Маскоўскага вакзала я правяла гадзіны дзве. Потым прыехала хуткая, адвезлі мяне ў НДІ хуткай дапамогі на Будапешцкую вуліцу. Там чарга была вялікая, давялося чакаць. Дрэнна памятаю гэты перыяд, правалы былі ў прытомнасці. Нібыта і цямлю, і гаварыць магу, але, калі спыталі, месца працы ўспомніць не магла.

— Памятаеце, якую дапамогу вам аказалі?

— Апрацавалі адзін раз рану. Зашылі. Адзін раз апрацавалі за ўвесь час, што я там была, і на гэтым усё. Нейкія аналізы бралі, здымкі розныя. Потым у рэанімацыю. Калі мяне везлі ў рэанімацыю на крэсле-каталцы, сустрэлі паліцэйскія. Палкоўнік Сяргей Барысавіч [Музыка]. Ён папрасіў прабачэння. І дзяўчына з ім была, Вера. Імя па бацьку, здаецца, Юр'еўна, а прозвішча яна ці не назвала, ці я не запомніла. Я тады не зразумела, кажу, вы тут пры чым? АМАП ужо даўно не паліцыя, іншае ведамства, не вашы падначаленыя. Потым я зразумела, што ўдарыў мяне не амапавец, а паліцэйскі з МУС.

— Колькі часу вы правялі ў рэанімацыі?

— Прыкладна да дзвюх гадзін дня нядзелі. Ляжыш як на стале, аблеплены датчыкамі. Я ноч не спала. Хвіліны як вечнасць. Там відаць час на медыцынскім прыборы — я кожную хвіліну лічыла. Трэба аддаць належнае медыкам — яны паставілі кропельніцу, я стала больш рэальна ўспрымаць рэчаіснасць, не зусім у тумане. Ужо змагла нармальна размаўляць, мець зносіны.

На наступны дзень мяне перавялі з рэанімацыі ў агульную палату, я так разумею, каб паліцэйскія маглі са мной сустрэцца. І галоўнае. Такая падрабязнасць няёмкая. Мяне перавялі туды без адзення. Сядзіш у палаце, у коўдру загорнутая. Ні ўстаць, ні выйсці.

— Даруйце. Увогуле без адзення?

— Увогуле, зусім нічога. Нават крыжыка нацельнага не было. Я прасіла: прынясіце мне маё адзенне, хоць бы споднюю бялізну. Не належыць, кажуць. Чаму не належыць, я ж у агульнай палаце? Страшэнны дыскамфорт. У прыбіральню, прабачце, не выйсці. Нават памыцца не атрымліваецца. Я як упала — у мяне рукі былі чорныя, паміж пальцамі кавалкі бруду. Мяне так і прывезлі ў клініку, так я і ў рэанімацыі ляжала, так і ў палату перамясцілі. І мне было гэтыя рукі не вымыць. Прыбіральня ў такім калідорчыку, накшталт "прылазніка", але ў суседнім пакоі сядзеў паліцэйскі, і ў яго былі адчыненыя дзверы.

— Удакладню. Перад выхадам з палаты сядзеў паліцэйскі? І каб выйсці ў прыбіральню, вам трэба прайсці міма яго?

— Так. Але я і не выходзіла нікуды. Неўзабаве загадчык аддзялення зайшоў: "Вось да вас прыйдуць паліцэйскія папрасіць прабачэння, вы будзеце з імі размаўляць? Яны чакаюць". Добра, кажу, няхай заходзяць. Зайшла тая ж пара, што і ўвечары ў суботу, Сяргей Барысавіч і Вера Юр'еўна. Зноў пачалі прасіць прабачэння. Прынеслі мне сок, садавіну, печыва. Маўляў, прыносім прабачэнні за нашага супрацоўніка, ён у нас хлопец добры. Чым вам дапамагчы? Можа, дапамагчы вам працаўладкавацца? Я як бы з ветлівасці паківала. Якая дапамога ад іх можа быць? Дровы яны, ці што, прыйдуць мне пасячы?

Куртка, у якой Маргарыта Юдзіна была на пратэставай акцыі / "Новая газета"

— Ну, напрыклад, аказаць дапамогу ў грашовай форме. Каб пакрыць нанесеную вам шкоду.

— Не, і гаворкі не было. І ў мяне такіх думак не ўзнікла. Мне чамусьці і ў галаву не прыйшло.

— Паліцэйскі, які ўдарыў вас, прыйшоў разам з імі?

— Ён пазней зайшоў, стаў таксама прасіць прабачэння. І Сяргей Барысавіч з Верай Юр'еўнай сталі яго падтрымліваць, маўляў, ён такі добры супрацоўнік, малады, перспектыўны, навошта ж губіць яго кар'еру. Але, шчыра кажучы, гэты хлопец хітраваў моцна. Ён сказаў, што нібыта снежкай у яго кінулі і напырскалі пярцовым газам з балончыка, праз што ў яго забрала на шлеме запацела, і ён дрэнна бачыў, што адбываецца. А я памятаю гэту сітуацыю. Вось было паднятае або апушчанае забрала... Памятаю бот, які ляціць у мяне... Так, я памятаю яго вочы, на мяне накіраваны погляд. Значыць, паднятае ў яго было забрала. (На відэазапісе інцыдэнту выразна відаць, што забрала ахоўнага шлема ў паліцэйскага, які ўдарыў Юдзіну, было паднятае. — Рэд.)

Скрыншот відэа інцыдэнту

"Яны зайшлі, я сяджу перад імі голая, захутаная ў прасціну і коўдру"

— Акрамя выбачэнняў і букета гэты паліцэйскі што-небудзь вам прапаноўваў? Якую-небудзь дапамогу, можа быць, пакрыццё шкоды ў якой-небудзь форме?

— Не, нічога не прапаноўваў абсалютна. Прабачце, кажа. Кветкі падарыў, і ўсё. Добра, кажу, ідзі, Коля.

— Коля? Значыць, ён прадставіўся і вам вядома яго імя? А прозвішча?

— Прозвішча сваё ён не назваў, і ніхто мне яго не назваў. Ён і імя свайго спачатку не назваў, гэта я выпытала. Як, кажу, цябе завуць? Ён неяк замяўся, потым кажа: Мікалай.

— Як думаеце, праўду сказаў?

— Не ведаю. Я нават не ўпэўненая, што гэта быў той паліцэйскі, які мяне ўдарыў. На Неўскім праспекце быў у шлеме, у палаце — у медыцынскай масцы.

— Вы сказалі, што яму даруеце?

— Я яму сказала: "Ды ладна, добра". Неяк так. Мяккі я чалавек, яны на гэтым згулялі. Калі чалавек не апрануты, на яго можна лёгка націснуць маральна, аказваецца. Як быццам на падсвядомасці адчуваеш сябе неабароненай. Стан разгубленасці. Палова думак пра тое, каб прасціна не спаўзла, і на гэта ўся ўвага. Яны зайшлі, я сяджу перад імі голая, захутаная ў прасціну і коўдру. І, ужо прабачце за падрабязнасці, было не схадзіць у прыбіральню. Яны нешта кажуць, а я думаю: хутчэй бы яны пайшлі, хутчэй бы яны пайшлі.

— Калі яны пайшлі, вы ж змаглі выйсці?

— Яны пайшлі, але паліцэйскі ў пакоі насупраць застаўся. Сядзіць за адчыненымі дзвярыма, глядзіць. Я ўзяла прасціну, узяла коўдру, наматала на сябе і, як мумія, пайшла ў прыбіральню.

— Палкоўнік паліцыі Сяргей Музыка або іншыя паліцэйскія, супрацоўнікі іншых праваахоўных органаў атрымлівалі ў вас якія-небудзь паказанні? Можа, прасілі напісаць або падпісаць які-небудзь дакумент? Высвятлялі абставіны інцыдэнту? Наогул, акрамя тых паказанняў, якія вы падпісалі ў медпункце Маскоўскага вакзала, вы падпісвалі што-небудзь?

— Не-не, нічога, абсалютна. Толькі на вакзале. Гэта мяне і ўразіла. Паліцэйскія начальнікі замест таго, каб высветліць, што здарылася, і пакараць вінаватых, толькі прасілі мяне дараваць і забыцца. Я не ведаю, ці праводзіцца кім-небудзь наогул якая-небудзь праверка, нейкія афіцыйныя працэдуры. Мяне ні пра што не пыталіся і мне ні пра што не паведамлялі. Я не здзіўлюся, калі даведаюся, што афіцыйна ніякага здарэння наогул не было. Звярнула ўвагу, што ў выдадзеным мне ў Інстытуце хуткай дапамогі выпісным эпікрызе дыягназ пазначаны, а абставіны атрымання мною траўмы — не. Наогул няма анамнезу. Ні месца здарэння, ні таго, што мяне ўдарыў паліцэйскі. Я нават не ведаю, ці накіроўваў НДІ хуткай дапамогі афіцыйную інфармацыю пра траўму ў паліцыю.

Фрагмент эпікрызу / "Новая газета"

"Ён жа не мяне біў. Не Рыту Юдзіну"

— Якія-небудзь медыцынскія працэдуры вам праводзілі?

— Нічога не рабілі, у палаце я была ўжо без кропельніцы. Павязка ў мяне з галавы зляцела яшчэ ў рэанімацыі, нацякло крыві на прасціну. У палаце таксама, гляджу, — крывяныя сляды на ложку. Можа, не хацелі мне галаву бінтаваць, каб перад прэсай страшна не выглядала? Не ведаю. Зайшоў загадчык аддзялення, спытаў: "Ну як вы? Калі што, дадому вас адвязуць". А мне ўжо вельмі зневажальна было далей у гэтай палаце без адзення знаходзіцца. Калі я пагадзілася на выпіску, мне здалося, што ён шчаслівы быў. Можа, сапраўды здалося.

— Дадому вас адвезла паліцыя?

— Загадчык аддзялення патэлефанаваў, зноў прыехала тая ж Вера Юр'еўна. Але спачатку зладзіла мне сустрэчу з тэлевізійнікамі. Пытаецца: "Не хочаце даць інтэрв'ю 78-му каналу?". Як жа, адказваю, я там такога нагавару, што гэта не пойдзе ў эфір. Не турбуйцеся, кажа, там будуць простыя пытанні. Тут жа за дзесяць хвілін прынеслі адзенне. Як чароўнай палачкай махнулі — і ўжо на месцы карэспандэнты 78-га канала. Я ім таксама растлумачыла: тое, што я скажу, вы не пакажаце. Ды не, кажуць, проста раскажыце, як самаадчуванне, як медабслугоўванне? Без палітыкі. І галоўнае: вы яму [паліцэйскаму, які ўдарыў] даравалі? Нам трэба гэта пачуць. Я яшчэ падумала: ну што вы прычапіліся да гэтага прабачэння? Гэта асабістая справа мая, даравала я яму ці не. Але сказала: добра, я праваслаўны чалавек, дарую. Мяне саму абурыла тое, што я сказала.

Потым Вера Юр'еўна суправаджала мяне аж да дома. Я кажу: давайце даеду сама, на электрычцы, на маршрутцы. На паліцэйскай машыне я неяк няёмка сябе адчуваю. "Не-не, мне якраз трэба да сяброўкі заехаць у Лугу, я так даўно яе не бачыла, мне так пашанцавала", — Вера Юр'еўна была пераканаўчая.

— Маргарыта, апошняе пытанне. Вы даравалі супрацоўніку паліцыі, які ўдарыў вас, ці не? І ці будзеце вы дамагацца прыцягнення яго да адказнасці?

— Ды не ўва мне тут рэч. Калі б гэта быў мой асабісты канфлікт, ішла б гаворка пра прабачэнне або непрабачэнне. Але зразумейце, ён жа не мяне біў. Не Рыту Юдзіну. На маім месцы мог апынуцца любы чалавек. Любая жанчына. Вось усіх жанчын сабраць, якія стаялі на вуліцы ў Пецярбургу дваццаць трэцяга, і ў кожнай спытаць: ці даравалі б яму? Кожная магла атрымаць пад дых. Гаворка не пра асабістыя рахункі. Мяне пытацца некарэктна ў гэтай сітуацыі.

Рэч у паводзінах паліцыі і АМАПа. Галава дрэнна працавала, не здагадалася ў паліцэйскіх спытаць: а вы кубачкі кардонныя, якія ў вас ляцяць, даруеце нам? Гэта значыць, мы вам удар нагой у жывот павінны дараваць, а вы за кардонны кубачак на пяць гадоў крымінальныя справы афармляеце? Кепска мне было, яшчэ паўмёртвая была, не скеміла.

Навошта была гэта акцыя застрашвання? Не толькі пра мяне гаворка ідзе. І не столькі пра мяне. Я хачу, каб чалавека, які ўдарыў мяне, знайшлі. Назвалі па імені. І пакаралі — як належыць па законе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.