У Вільні знайшлі збор старадаўняй беларускай музыкі

У архівах Вільні музыказнаўцы Сьвятлана Немагай і Аляксей Фралоў выявілі дзясяткі музычных твораў аўтараў XVI—XIX ст., якія паходзяць зь Беларусі. У інтэрвію БелаПАН сп. Фралоў адзначыў, што асаблівую цікавасьць уяўляюць шматлікія сымфоніі і сэрэнады эпохі Вольфганга Амадэя Моцарта. “Дагэтуль было прынята лічыць, што гэтыя жанры зьявіліся на Беларусі толькі ў XX ст.. Імёны таленавітых аўтараў гэтай музыкі былі загубленыя ў вірах гісторыі на 150 гадоў і сёньня вяртаюцца ў нашу музычную культуру. Дамінік Адамовіч, Ян Сакалоўскі, Ян Чамароўскі, кампазытары Зарашэўскі, Маркевіч, Плашына, Пятровіч, Руткоўскі, Чупрынскі, а таксама ананімныя аўтары — маэстра эпохі клясыцызму і раньняга рамантызму, якія ўпрыгожылі музычны краявід Беларусі канца XVIII — першай паловы XIX ст. яркімі сымфоніямі: вытанчанымі і грацыёзнымі, забаўляльнымі і, разам з тым сур’ёзнымі”, — сказаў Аляксей Фралоў.

Па яго словах, многія са знойдзеных музычных рукапісаў паходзяць зь незаслужана забытага аазысу беларускай культуры ў фальварку Забелы Верхнядзьвінскага раёну Віцебскай вобласьці, дзе ажно да 1840-х гадоў квітнела духоўная і сьвецкая культура, дзейнічала выдатная музычная капэля пад кіраўніцтвам кампазытара і дырыжора Міхала Кавалеўскага. “Унікальная знаходка сьведчыць, што многія старадаўнія музычныя асяродкі Беларусі чакаюць свайго адкрыцьця і дасьледаваньня”, — падкрэсьліў Аляксей Фралоў. Вернутых твораў аказалася настолькі шмат, што налета палянуецца правесьці фэстываль “Адраджэньне беларускай сымфоніі”, у якім возьмуць удзел найлепшыя музычныя калектывы краіны. І ўжо 25 верасьня 2008 года адбудзецца анонс гэтага фэстывалю. У выкананьні ансамбля салістаў “Клясык-Авангард” у Малой залі імя Рыгора Шырмы Белдзяржфілярмоніі ў праграме “Мэлёдыі Радзівілаўскіх паркаў” сярод твораў Мацея Радзівіла, Яна Абрахама Шульца, Яна Давіда Голанда і Міхала Клеафаса Агінскага прагучаць тры сэрэнады загадкавага маэстра Плашыны з Полаччыны, аўтара шасьці сымфоній.

“Слухачоў чакае незабыўная музыка, атмасфэра таямнічых паркавых алей і спатканьняў у ціхіх альтанках, шоргат пышных крыналінаў чароўных дам, цёплае зіхаценьне сьвечак у строгіх кандэлябрах”, — адзначыў Аляксей Фралоў.
Свабода

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі