У Віцебску створаны камітэт у абарону Сяргея Парсюкевіча

Грамадскі камітэт у абарону грамадскага актывіста, лідэра прадпрымальніцкага руху Сяргея Парсюкевіча, які быў збіты ў турме на Акрэсціна, створаны ў Віцебску. Нагадаем, Парсюкевіч быў арыштаваны за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Паводле словаў прадпрымальніка, 21 студзеня яго моцна збіў адзін з ахоўнікаў турмы. Зараз па гэтым факце пракуратура Маскоўскага раёна Мінску праводзіць праверку.

Падрабязнасці паведамляе нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“Ініцыятыўная група, якая складаецца з чатырох чалавек, плануе прыцягнуць увагу грамадскасці, палітычных лідэраў, прадстаўнікоў АБСЕ да сітуацыі, у якой апынуўся віцебскі актывіст.

Паводле словаў старшыні грамадскага камітэту Хрыстафора Жаляпава, можа стацца так, што па выніках праверкі Парсюкевіча абвінавацяць у тым, што гэта ён здзейсніў напад на супрацоўніка міліцыі. Увага грамадскасці, паводле спадара Жаляпава, дапаможа зрабіць разбіральніцтва па гэтай справе аб'ектыўным”.


Паведамляецца, што Сяргей Парсюкевіч, які пакутуе на астму і захворванне страўніка, зараз ні з кім не сустракаецца: пасля таго, што здарылася на Акрэсціна, ён знаходзіцца ў цяжкім фізічным і псіхічным стане.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі