Вы тут

У свеце неспакойна: гучныя выбары ў Інтэрполе, два парады, дзяўчынка з вокладкі

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У Інтэрполе прайшлі скандальныя выбары прэзідэнта, а ў ЗША памілавалі індычак і сустрэлі Дзень падзякі. Працягваем расказваць вам пра навіны з усяго свету.

Дзяўчынка з вокладкі

Калі Шарбат Гула была ва ўзросце 12 гадоў, яна трапіла на вокладку National Geographic. Вы напэўна бачылі гэты здымак. Афганская дзяўчынка з ярка-зялёнымі вачыма глядзіць прама ў аб'ектыў фатографа.

Аўтар здымка Стыў МакКары зрабіў яго ў лагеры для бежанцаў на афгана-пакістанскай мяжы.

Шарбат Гула

Доўгія гады ніхто не ведаў імя гэтай дзяўчынкі, адлюстраванай на фота. Цяпер ёй каля сарака гадоў. І цяпер мы ведаем, што яе завуць Шарбат.

Гэтым летам жанчына, як і многія афганцы, падала прашэнне на прадастаўленне прытулку. І Італія ўхваліла яго, даўшы ёй статус бежанца.

Скандальныя выбары ў Інтэрполе

Інтэрпол абраў новага прэзідэнта і сутыкнуўся з крытыкай шэрага еўрапейскіх палітыкаў і праваабаронцаў. Новым прэзідэнтам арганізацыі стаў генерал-маёр МУС Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў Ахмед Насера аль-Раісі. Яго абвінавачваюць у катаваннях і ганеннях дысідэнтаў у ААЭ.

Пяць краін — Францыя, Вялікабрытанія, Нарвегія, Швецыя і Турцыя — падалі пазовы супраць яго кандыдатуры. Кааліцыя 19 праваабарончых груп напісала ў Інтэрпол адкрыты ліст, у якім выступілі супраць кандыдатуры генерала.

Сам аль-Раісі заявіў: для яго "вялікі гонар служыць грамадзянам усяго свету". Ён паабяцаў пабудаваць "больш празрыстую, інклюзіўную арганізацыю, якая будзе працаваць над забеспячэннем бяспекі для ўсіх".

Прэзідэнт Інтэрпола — гэта хутчэй намінальная пасада. Рэальныя паўнамоцтвы па-ранейшаму застаюцца ў руках Генеральнага сакратара Арганізацыі Юргена Штока. Каментуючы абранне аль-Раісі, ён прызнаў, што разумее сутнасць абвінавачванняў — але спаслаўся на прэзумпцыю невінаватасці.

Французскі дэпутат ад дэпартамента Рона — там знаходзіцца штаб-кватэра арганізацыі — Юбер Жульен Лафер'ер больш катэгарычны.

"Здавалася б, як арганізацыю, якая пераследуе злачынцаў, можа ўзначальваць чалавек, падазраваны ў здзяйсненні злачынстваў. Тым не менш гэта так. Краіны-члены Інтэрпола паказалі, што гэта магчыма, і выбралі таго, хто наклікае ганьбу на арганізацыю".

Праціўнікаў новага прэзідэнта бянтэжыць і той факт, што ААЭ з'яўляюцца самым буйным "спонсарам" бюджэту Інтэрпола — ці ўжо ж не "купілі" яны выбары?

І ўсё ж пасля трох тураў галасавання аль-Раісі перамог, набраўшы на выбарах 69% галасоў. Так што яго чакаюць чатыры гады на чале арганізацыі.

Пледзік патрэбны?

Мэрыю французскага Ліёна ўзначалілі "зялёныя". І забаранілі мясцовым установам абаграваць вуліцу.

Раней у Ліёне нават у халодны час года можна было пасядзець на тэрасе. Уладальнікі устаноў вырашылі, што гэта добры спосаб захаваць наведвальнікаў — і іх жа засцерагчы — на час пандэміі.

Але ў мэрыі падлічылі: нават калі вуліцу абагравае адзін рэстаран з дзесяці, гэта правакуе паўмільёна тон выкідаў СО2 у год.

Наогул гэта рашэнне "зялёных" ўзгадняецца з кліматычным законам, які прыняла Францыя. Проста з-за пандэміі закон вырашылі "актываваць" пазней — бліжэйшай вясной. А вось у Ліёне вырашылі не зацягваць і ратаваць клімат проста цяпер. Інакш для чаго ж іх абралі.

У Егіпце адкрылі Алею сфінксаў

У егіпецкім Луксоры па трохкіламетровай алеі праехалі калясніцы фараонаў. Так адкрывалі Алею сфінксаў.

Гэта месца звязвае два галоўныя храмы Луксора. На раскопкі сышлі дзесяцігоддзі. Егіпет спадзяецца, што турысты зацікавяцца і цяпер паедуць паглядзець не толькі на "рыбак і піраміды". А падкошаны пандэміяй турыстычны сектар пачне аднаўляцца.

Калі пакуль не збіраецеся ў Егіпет, проста паглядзіце на пышнае адкрыццё гэтай алеі.

Парад у Егіпце

Паветраныя шары і шмат шопінгу

І яшчэ адзін парад. Амерыканцы святкуюць Дзень падзякі і, у адрозненне ад мінулага года, робяць гэта не на канапе.

Год таму маршрут парада скарацілі, а з-за каранавіруса большасць убачыла яго толькі па тэлевізары. Ну ці ў інтэрнэце. Цяпер парад прайшоў сваім традыцыйным маршрутам, і амерыканцы маглі назіраць за ім ужывую. Гіганцкія паветраныя шары, танцы, песні і сам Санта Клаўс — глядзіце, як гэта было.

Як гэта было

Прэзідэнт Джо Байдэн сказаў: праз два гады "вы вярнуліся, Амерыка вярнулася". І дадаў, што няма нічога непераадольнага.

Зрэшты, пандэмія не скончылася. У ЗША кавідам штодня заражаецца 95 тысяч чалавек. Але смяротнасць прыкметна знізілася. То-бок смерці цяпер лічаць сотнямі, а не тысячамі.

Але мы не будзем адпраўляць вас у выхадныя на сумнай ноце. Днём падзякі ў ЗША пачынаецца святочны сезон, пара рыхтавацца да Калядаў. Ужо сёння стартуе "чорная пятніца" — і ў Беларусі таксама. Калі ў вас па планах шопінг — лепш правядзіце гэты дзень у анлайн-рэжыме. У нас пандэмія таксама не скончылася.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.