Вы тут

У "справе Бабарыкі" з'явіўся новы артыкул абвінавачвання

Віктар Бабарыка / Еўрарадыё

У справе патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі з'явіўся новы артыкул — атрыманне хабару (артыкул 430 Крымінальнага кодэкса). Пра тое, што Бабарыка абвінавачваецца і па гэтым артыкуле таксама, расказалі ў "расследаванні", прысвечаным "справе Белгазпрамбанка" на тэлеканале АНТ.

"Былому кіраўніку банка прад'яўлены сур'ёзныя абвінавачанні. А менавіта: легалізацыя (або "адмыванне") сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры, дача хабару ў буйным памеры і атрыманне ў асабліва буйным памеры", — так гаворыцца ў гэтым сюжэце.

Раней Бабарыку абвінавачвалі па трох артыкулах: у адмыванні грошай, дачы хабару і ўхіленні ад выплаты падаткаў.

Юрыст Максім Знак не разумее, як новы артыкул абвінавачвання ўзгадняецца з раней прад'яўленым артыкулам 431 КК — дача хабару. "З сюжэта на АНТ вынікае, што хабары нібыта атрымліваліся Бабарыкам ад падкантрольных яму ж фірмаў і нібыта даваліся падкантрольным яму ж намеснікам, прычым атрыманне "хабараў" прадугледжвала нейкае атрыманне прыбытку ад дзейнасці прадпрыемства праз выплату дывідэндаў, — разважае Знак. — Відавочна, што ўсё змяшалася і нельга атрымліваць няпэўны або ўмоўны хабар, а тым больш лічыць "дачай хабару" падзел неатрыманых будучых прыбыткаў з "саўдзельнікамі".

У траўні 2020 года старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка пакінуў сваю пасаду, каб удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. 18 чэрвеня яго разам з сынам, які ўзначальваў яго штаб, затрымалі ў Мінску. З тых часоў яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.