Вы тут

У Шклове выявілі гару 100-гадовых лапцей

shklovinfo.by

Падчас рэканструкцыі аднаго з будынкаў у Шклове 19 жніўня выявілі незвычайную знаходку — цэлую гару лапцей з лыка, піша shklovinfo.by.

Мясцовыя гісторыкі і краязнаўцы вылучылі некалькі версій таго, як абутак, папулярны ў сялян напрыканцы ХІХ стагоддзя, мог у такой колькасці апынуцца ў Шклове.

Паводле найбольш верагоднай версіі, у Шклове на пачатку ХХ стагоддзя існавала арцель па вытворчасці лапцей. Яе вырабы і былі знойдзеныя цяпер. Дарэчы, побач з будынкам, дзе выявілі лапці, размяшчаліся крамы, а крыху далей — гандлёвыя рады. Знойдзеныя лапці не былі ва ўжытку і былі разабраныя па парах — гэта сведчыць, што яны рыхтаваліся на продаж.

Будынак, у якім знайшлі лапці, доўгі час належаў райспажыўкааперацыі. Не выключана, што лапці там захоўвалі перад продажам.

Старшая навуковая супрацоўніца мясцовага музея Ірына Гапеева кажа, што знойдзеныя лапці — святочныя. Да таго ж яны зробленыя паводле спецыяльнай тэхналогіі. "Для Беларусі было характэрна прамое пляценне лапцей, а тут яно касое і вельмі прафесійнае", — адзначае спецыялістка. 

У шклоўскім музеі / shklovinfo.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.