Вы тут

У рэйтынгу свабоды інтэрнэту Беларусь атрымала 31 бал з 100 магчымых

Беларусь трапіла ў спіс краін з несвабодным інтэрнэтам / pixabay.com

У рэйтынгу свабоды інтэрнэту Беларусь атрымала 31 бал з 100 магчымых. Гэты рэйтынг у сваім штогадовым дакладзе "Свабода ў Сеціве" апублікавала амерыканская няўрадавая арганізацыя Freedom House. 

У дакладзе гаворыцца, што найбольшае пагаршэнне за год зафіксавалі ў М'янме, Беларусі і Угандзе. Даклад улічваў падзеі з чэрвеня 2020 года да траўня 2021-га. Краіны, якія набралі ад 70 да 100 балаў, маюць статус свабодных, ад 40 да 69 балаў — часткова свабодных, менш за 40 — несвабодных. 

Беларусь трапіла акурат у апошнюю катэгорыю. За год яна страціла ў рэйтынгу 7 пунктаў. Зніжэйнне звязанае з выбарчымі падзеямі ў нашай краіне. Freedom House адзначыла і адключэнне інтэрнэту, і рэпрэсіі супраць анлайн-актывістаў, і ўзмоцненае сачэнне ў сацыяльных сетках.

"Рэпрэсіўная кампанія працягвалася да 2021 года, калі ўлады закрылі офісы і заблакавалі сайты TUT.by і "Наша Ніва" — двух найбуйнейшых незалежных СМІ ў краіне", — гаворыцца ў дакладзе. Таксама ў ім згадваецца арышт блогера Рамана Пратасевіча

Вышэй за Беларусь у рэйтынгу апынуліся, напрыклад, Кыргызстан, Ірак, Зімбабвэ. Украіна і ўвогуле атрымала 62 балы. А вось Расія — толькі 30, Кітай — і ўвогуле 10.

Узначальвае спіс свабодных краін Ісландыя, пасля яе ідуць Эстонія, Канада і Коста-Рыка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.