Вы тут

У Расіі адмянілі прысуд святару, якога ў Беларусі асудзілі за сутэнёрства

Мікалай Кірэеў / eparchiya-viborg.ru

У Расіі адмянілі прысуд праваслаўнаму святару Мікалаю Кірэеву, якога ў Беларусі асудзілі за сутэнёрства. Як паведамляе сайт Выбаргскай епархіі РПЦ, яшчэ 30 студзеня Кірэева вызваліў Ленінградскі абласны суд. Абвінавачанне, па якім святар, правёў за кратамі 2,5 гады, у РПЦ назвалі ілжывым.

Пра затрыманне ў Віцебску 39-гадовага святара з Расіі беларускія сілавікі паведамілі ў жніўні 2017 года. Спачатку была інфармацыя, што гэта адбылося ў прытоне, пасля — на аўтавакзале. Айцец Мікалай, які служыў у храме святых апосталаў Пятра і Паўла ва Усевалажскім раёне Ленінградскай вобласці, абвінавачваўся ў спробе вывазу жанчын у Расію з мэтай занятку прастытуцыяй. Была распачата крымінальная справа. У лістападзе 2017-га суд Чыгуначнага раёна Віцебска аб'явіў прысуд: 5 гадоў 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці (у далейшым яго скарацілі да 4 гадоў і 6 месяцаў). Кірэеў сваёй віны не прызнаў. З канца лета 2019-га ён адбываў пакаранне ў Расіі.

Цяпер святар знаходзіцца на лячэнні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.