У праваслаўных — свята Уваскрэсення Хрыстовага

Праваслаўныя вернікі святкуюць Уваскрэсенне Хрыстова. Сёлета Пасха прыпала на 1 траўня. Гэтае свята служыць успамінам пра апісаныя ў чатырох Евангеллях падзеі: распяты на Галгофе Ісус уваскрэс пасля смерці і даў надзею на ўратаванне ўсяму чалавецтву.

У ноч перад Вялікаднём ва ўсіх праваслаўных храмах прайшлі святочныя набажэнствы, галоўным з якіх стала літургія ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Яе адслужыў кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.

У святочным звароце кіраўніка БПЦ, размешчаным на сайце church.by, падкрэсліваецца, што хрысціянам важна адчуць радасць ад яднання з Хрыстом:

“Сёння гэта надзвычай неабходна, таму што ў шэрагу краін хрысціяне перажываюць ганенні, параўнальныя з тымі, што былі ў раннія вякі хрысціянства, а часта і большыя за іх. “Руская Праваслаўная Царква з болем успрымае гэтую бяду, — кажа яе Прадстаяцель. — Калі падзеі і далей будуць развівацца ў падобным рэчышчы, то сляды прысутнасці хрысціянства могуць практычна знікнуць там, дзе яно калісьці зарадзілася і існуе ўжо два тысячагоддзі… Як браты па веры, мы павінны падтрымліваць адзін аднаго ў цяжкі момант, узвышаць свой голас як адзіная Святая Саборная і Апостальская Царква”.