Вы тут

У Польшчы разгараецца скандал з-за помніка расстраляным беларусам

У польскай вёсцы Заляшаны абнаўляецца мемарыял ахвярам Бурага — расстраляным у 1946 годзе па загадзе Рамуальда Райса праваслаўным беларусам. Мясцовы ваявода, які належыць да праўладнай партыі "Права і справядлівасць", адмовіўся вылучаць грошы на работы. Таму рэстаўрацыяй займаюцца ўдзельнікі садружнасці "Курск", якая пазіцыянуе сябе як валанцёрская. Газета Wyborcza называе гэтую арганізацыю рупарам крамлёўскай прапаганды.

Еўрарадыё разбіраецца ў скандале, які разгараецца ў Польшчы.

Што адбылося ў Заляшанах

Заляшаны, размешчаныя ў Гайнаўскім павеце на мяжы Польшчы і Беларусі, — адна з тых вёсак, дзе здзейсніў свае злачынствы Рамуальд "Буры" Райс. 29 студзеня 1946 года атрад хуткага рэагавання Нацыянальнага вайсковага аб'яднання (Pogotowia Akcji Specjalnej Narodowego Zjednoczenia Wojskowego) пад яго камандаваннем забіў там шаснаццаць жыхароў.

Усяго ў выніку "зачысткі" беларускіх праваслаўных вёсак, размешчаных у раёне Беластока, па звестках Інстытута нацыянальнай памяці, загінула 79 чалавек (сем'і загінулых лічаць, што ахвяр было 82). Яны былі застрэлены альбо спалены жыўцом (у тым ліку жанчыны і дзеці). Афіцыйная мэта аперацыі Бурага заключалася ў тым, каб знішчыць людзей, якія супрацоўнічалі з камуністычнымі ўладамі.

Вакол чаго пачаўся канфлікт

У 1965 годзе ў Заляшанах з'явіўся помнік забітым жыхарам вёскі. За 55 гадоў, якія прайшлі з таго часу, ён моцна састарэў: граніт раскрышыўся, бетонныя пліты пассоўваліся з месцаў, а мемарыяльная таблічка пакрылася налётам.

Tomasz Sulima / Facebook

Аляксандр Сяліцкі, шматгадовы мэр камуны, у якой знаходзяцца Заляшаны, папрасіў у ваяводстве грошай на рэканструкцыю мемарыяла. Ён таксама хацеў выправіць на таблічцы інфармацыю пра дату злачынства і колькасці ахвяр, якая, па яго словах, не адпавядае рэчаіснасці. Аднак ваявода Богдан Пашкоўскі, адзін з асноўных актывістаў кансерватыўнай партыі "Права і справядлівасць" у рэгіёне, не вылучыў сродкаў на рэканструкцыю. Тады Сяліцкі вырашыў прыняць дапамогу суполкі "Курск".

"Я размаўляў са спадаром Тыцам і не адчуваў, што ён праводзіць нейкую пракрамлёўскую палітыку, — адзначыў Сяліцкі. — Прынамсі, калі справа датычыцца гэтых невялікіх рэканструкцый помнікаў, такіх, як касметычныя работы ў Заляшанах".

 

Змагары з "паўсюднай русафобіяй"

Арганізацыя "Курск" была створана ў 2008 годзе. Яна займаецца па ўсёй Польшчы "аховай могілак і мемарыялаў Чырвонай Арміі", а таксама "барацьбой супраць русафобіі". "Курскія" актывісты акультурваюць магілы савецкіх салдатаў, арганізуюць зборы на рэканструкцыю помнікаў, накіроўваюць пратэсты мясцовым уладам супраць "маргіналізацыі дзеянняў Чырвонай Арміі".

Газета Wyborcza называе дзейнасць і кантэнт, размешчаны "Курскам" у інтэрнэце, антынатаўскім і пракрамлёўскім. Беглы пошук па сайце і сацсетках арганізацыі выдаў нам публікацыі з наступнымі выказваннямі: "Міру пагражаюць дзеянні НАТА і паўсюдная русафобія", "Палітыкі, большасць польскіх СМІ і кіраўніцтва каталіцкай царквы прапагандуюць нянавісць да Расіі ў Польшчы".

 

Што "Курск" робіць у Заляшанах

"Касметычныя работы" і праўда выглядаюць цалкам бяскрыўдна. У пачатку студзеня кіраўнік садружнасці "Курск" Ежы Тыц абвясціў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" пра пачатак рэстаўрацыі помніка ахвярам Бурага.

Работы ідуць пад наглядам валанцёра "Курска" Марэка Нічыпорука — нашчадка аднаго з забітых Бурым жыхароў вёскі. Добраахвотнікі паднаўляць абеліск і мемарыяльную таблічку, а таксама ўмацоўваюць падмурак, на якім гэта ўсё стаіць. Па іх словах, калі дадатная тэмпература пратрымаецца яшчэ тыдзень, рэстаўрацыя скончыцца да гадавіны злачынства Бурага.

Для адных злачынец, для другіх герой

Рамуальд Райс з'яўляецца адным з удзельнікаў антыкамуністычнага руху ў Польшчы (1944–1953), якіх яшчэ называюць "праклятымі салдатамі". У 1948-м ён быў арыштаваны па абвінавачванні ў здзяйсненні ваенных злачынстваў. На судовым працэсе ў Беластоку 1 кастрычніка 1949 года прысуджаны да смяротнага пакарання. Прысуд прыведзены ў выкананне 30 снежня 1949 года.

wikipedia.org

Частка палякаў, асабліва правыя радыкалы, бачаць у Райсе нацыянальнага героя — змагара з камуністычным рэжымам. Польскія нацыяналісты штогод праводзяць у Гайнаўцы маршы ў гонар Бурага і яго паплечнікаў. У 1995 годзе суд Варшаўскай ваеннай акругі адмяніў смяротны прысуд Рамуальду Райсу з фармулёўкай, што забойствы праваслаўных сялян здзяйсняліся "ва ўмовах найвышэйшай неабходнасці для аднаўлення незалежнасці польскай дзяржавы".

У 2019 годзе Бурага апраўдаў і польскі Інстытут нацыянальнай памяці — гэта нават стала нагодай для выкліку ў МЗС Беларусі польскага амбасадара. У Беларусі дзейнасць Райса называюць генацыдам.

Забітыя беларусы — толькі зачэпка

Зрэшты, "Маршы праклятых салдатаў", якія з 2016 года праходзяць у Дзень памяці антынацысцкага і антысавецкага падполля і Арміі Краёвай, выклікаюць масу спрэчак і сярод палякаў. Людзей не задавальняе менавіта тое, што шэсці праводзяцца ў гонар Бурага, якога многія працягваюць лічыць ваенным злачынцам.

Рух "Грамадзяне Польшчы" (Obywatele RP), які знаходзіцца ў апазіцыі да кіруючай партыі "Права і справядлівасць", выступае супраць "Маршаў праклятых салдатаў". Але нават яны крытыкуюць рэстаўрацыю помніка ахвярам Бурага арганізацыяй "Курск".

У іх заяве, якую цытуе "Выборча", гаворыцца наступнае: "Рэканструкцыя помнікаў заслугоўвае высокай ацэнкі. Аднак падобна, што ў выпадку з садружнасцю "Курск" рэстаўрацыя помнікаў на тэрыторыі Рэспублікі Польшча з'яўляецца толькі сродкам для дасягнення іншай мэты. Гэтую мэту найбольш выразна вызначыў кіраўнік аб'яднання Ежы Тыц, часты наведвальнік крамлёўскіх прапагандысцкіх мерапрыемстваў, — "паважаць выдатныя ўчынкі савецкіх салдатаў, якія вызвалілі і выратавалі Польшчу".

"Грамадзяне Польшчы" перакананыя, што пытанне памяці пра забойствы ў Падляшшы з'яўляецца часткай прапагандысцкай атакі Пуціна на Польшчу: "І той факт, што нашы праваслаўныя суграмадзяне прымаюць падтрымку арганізацый, якія адкрыта рэалізуюць цяперашні парадак дня Пуціна і беларускіх палітыкаў, ёсць ганьбай перш за ўсё для польскай дзяржавы".

Члены арганізацыі заклікаюць улады Гайнаўкі і асацыяцыі меншасцяў у Падляшшы адмовіцца ад супрацоўніцтва з арганізацыяй "Курск" і быць асцярожнымі ў запрашэнні прадстаўнікоў аўтарытарных, на іх думку, дзяржаў: беларускіх і расійскіх уладаў.

 

 

Agencja Gazeta

У лютым мінулага года, у чарговую гадавіну злачынстваў Бурага, праваслаўныя беларусы з Заляшан сустрэліся і ўсклалі вянок да мясцовага крыжа. На мерапрыемства прыехаў тагачасны старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, якога "Выборча" называе "другім чалавекам" у Беларусі пасля Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.