Вы тут

У Польшчы плануюць спрасціць і паскорыць выдачу карт пабыту замежнікам

Карта пабыту / the-warsaw.com

Польскі ўрад плануе спрасціць і паскорыць працэдуру выдачы замежнікам карт пабыту — гэта дазвол на часовае пражыванне і працу ў краіне. Як піша the-warsaw.com, урад плануе прыняць папраўкі ў закон аб іншаземцах у трэцім квартале 2021 года.

Мяркуецца прыняць наступныя папраўкі: 

— каб атрымаць дазвол на часовае пражыванне і працу, не трэба будзе мець гарантаванае месца жыхарства і рэгулярную крыніцу даходу. Аднак прэтэндэнт павінен атрымліваць не менш за мінімальны заробак, незалежна ад працоўнага часу;

— будзе ўведзены новы алгарытм змены карты пабыту пры змене працадаўцы альбо ў выпадку страты неабходнасці мець дазвол на працу;

— пашырыцца спіс абставінаў, пры якіх не патрэбная змена карты пабыту;

— атрыманне дазволу на часовае пражыванне і працу замежнікамі будзе паскоранае, калі гэтыя замежнікі працуюць у арганізацыях, якія маюць асаблівае стратэгічнае значэнне для польскай эканомікі.

Акрамя таго, плануюцца наступныя нормы:

— захаваецца 60-дзённы тэрмін для выдачы дазволу на часовае пражыванне ў першай інстанцыі. Час будзе адлічвацца з моманту ліквідацыі ўсіх фармальных недахопаў у заяве, калі пры гэтым іншаземец асабіста з'явіўся і падаў усе неабходныя дакументы;

— разгляд справы аб апеляцыі па пытаннях выдачы дазволу на часовае пражыванне будзе адбывацца на працягу 90 дзён;

— органы, якія ўдзельнічаюць у выдачы карты пабыту, змогуць абменьвацца інфармацыяй з дапамогай электронных сродкаў камунікацыі;

— пры выдачы карты пабыту для работнікаў, чыя прафесія патрабуе высокай кваліфікацыі, сярэдні заробак будзе лічыцца за год, які папярэднічае падачы заявы, а не за год, які папярэднічаў заключэнню дамовы на выкананне работ;

— будуць упарадкаваныя правілы па выдачы карты пабыту, калі іншаземец не падае заяву на дазвол асабіста;

— прыняцце рашэння аб выдачы дазволу на пастаяннае жыхарства альбо на карту рэзідэнта ЕС будзе адбывацца на працягу 6 месяцаў. Тэрмін будзе адлічвацца з моманту ліквідацыі ўсіх фармальнасцяў пры ўмове, што роэтэндэнт з'явіўся асабіста і падаў усе неабходныя дакументы.

Плануецца таксама ўвесці часовы рэгламент для спрошчанай працэдуры выдачы дазволу на часовае пражыванне і працу па справах, адкрытых да 1 студзеня 2021 года і не завершаных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.