У пахаваных Чарнобылем вёсках дагэтуль жывуць людзі

Толькі ў Чэрыкаўскім раёне пахавалі 25 вёсак. Першую, Нова-Малінаўку, адсялілі ў 1991 годзе, апошнюю — Камаровічы — у 2002. Перасяліцца былі вымушаныя тысячы людзей.
Па дарозе на Касцюковічы карэспандэнт Еўрарадыё заўважыў адзіную хатку, дзе жывуць бабуля з дзедам! Людзі — тут? Здзіўленню не было межаў, журналісты пабеглі фатаграфаваць бабулю, як нейкую вядомую асобу. У 80-гадовай Веры Пятроўны Гнедавай ў горадзе жыве сын, а яна і 85-гадовы муж выехаць адмовіліся.
"Адны жывем, дзеда цяпер няма. Тут у Баровай колькі двароў, а тады Майскі. А мы адны. Можа з'едзем сёлета, ужо старыя, дык паедзем".


Гэта вёска Дуброўка, якая пахаваная была яшчэ ў 1993 годзе! Больш за 15 год тут жывуць людзі без прыкметаў цывілізацыі. Праўда, сюды даязджае аўталаўка, а ваду можна браць з калодзежа побач. У некалькіх дзясятках кіламетраў ад пахаваных вёсак — горад Касцюковічы, у якім жыве больш за 15 тысяч чалавек. Яшчэ непадалёк — Чэрыкаў і Майскі.
"Там таксама радыяцыя, але людзей адтуль не высялялі, бо ён занадта вялікі. І невядома, дзе болей радыяцыі: у адселеных вёсках ці там, дзе жывуць людзі. І гэта ўсё вельмі страшна ўявіць", — кажа адна з удзельніц вандроўкі па "зоне" Каця Маркоўская.
Ад многіх адселеных вёсак засталіся толькі курганы. Дрэва назапашвае радыяцыю, таму для хаткі закапвалі ў ямінах. Тут узровень радыяцыі больш за 100 мікрарэнтген, пры тым што максімальна дапушчальны — 30.
Але найбольшае ўражанне ад двух- і трохпавярховых дамоў, якія стаяць ужо 24 гады без дзвярэй і вокнаў ды параслі дрэвамі. Цяжка ўявіць, што тут раней жылі людзі. 
Партыя БНФ зладзіла гэтую вандроўку, каб прыбраць смецце каля помнікаў пахаваным вёскам, але зрабіць гэта не зусім атрымалася.
"Тут работы яшчэ шмат, але відаць, што ўлада адсочвае нашую інфармацыю і пастаралася сёння раней за нас зрабіць гэтую справу, — распавёў намеснік старшыні БНФ Рыгор Кастусёў. — Раней улады не прыбіралі. Я бываю тут штогод з 2008-га, і кожны год мы тут прыбіралі. Зусім нядаўна я праязджаў па гэтай дарозе, і каля камянёў сітуацыя была непрыстойная, было смецце".
Кіраўніцтва Партыі БНФ адмовілася ад арганізацыі традыцыйнага "Чарнобыльскага шляху", за што атрымала шмат нараканняў ў свой адрас.
Старшыня Аляксей Янукевіч кажа, што крытыкі яны не баяцца, бо ўпэўненыя ў сваім кроку.
"Некаторыя людзі проста накручаныя на рабленні рытуальных аднолькавых рэчаў. Іх мэта — каб быў нейкі працэс. Мы ж накіраваныя на дасягненне вынікаў і таму не баімся прымаць такія смелыя рашэнні".
А вынікі ўжо можна падвесці. Прыбраць некаторыя адселеныя вёскі атрымалася: Вепрын, Чудзяны ды Малінаўку. Таксама актывісты наведалі ліквідатара Анатоля Бялько. Яму партыйцы дапамогуць набыць дарагія лекі за мяжой. Цяпер Партыя БНФ збірае грошы, якія пералічаць магілёўскаму і гомельскаму анкалагічным дыспансерам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі