У новым кліпе Nizkiz чалавек змагаецца са штучным інтэлектам

У новым кліпе Nizkiz чалавек змагаецца са штучным інтэлектам

Магілёўская каманда Nizkiz прадставіла на сайце "Пяршак" новы кліп на песню "Небяспечна". Рэжысёрам роліка выступіў вядомы беларускі кліпмэйкер Арцём Лобач.

У аснове ідэі кліпа — створаны чалавекам штучны інтэлект, які пераўзыходзіць яго па здольнасцях: мяняе навакольную прастору, гуляе з ім, як з марыянеткай. Але чалавек не баіцца і сваёй бясстрашнасцю яго скарае. Фантастычную ідэю ўвасаблялі прафесійныя танцоры Nezh Ivanov (H Dance Group) і Вольга Рабецкая (трупа сучаснай харэаграфіі БДМТ і Skvo’s Dance Company), якія самааддана танцавалі як у лістападаўскім лесе, так і на дахах Мінска.

"Здымкі былі складанымі, плюс да ўсяго, мы страцілі адзін здымачны дзень з-за праліўнога дажджу, — распавяде Арцём Лобач. — Яшчэ была сцэна з аўтобусам: гурт павінен быў граць на яго даху падчас руху, але аўтобус зламаўся адразу, як толькі мы пачалі здымаць, таму кадры адтуль увогуле не ўвайшлі. Але, тым не менш, матэрыял быў зняты, і я з перапынкамі змантаваў яго за тры месяцы".

Кліп каштаваў гурту больш за 1500 долараў. Песня "Небяспечна" увайшла ў альбом каманды "Сіноптык" 2017 года. Цяпер Nizkiz рыхтуюць новы сінгл і збіраюцца прэзентаваць яго на вялікім сольным канцэрце 24 сакавіка ў сталічным клубе Re:Publuic.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі