У МЗС Польшчы сказалі, чаму прыпынілі візавую праграму Poland. Business Harbour

МЗС Польшчы

МЗС Польшчы / gov.pl

Праграма Poland. Business Harbour не апраўдала ўскладзеных на яе надзей. Так у Міністэрстве замежных спраў Польшчы патлумачылі, чаму з 26 студзеня спыненая выдача адпаведных віз.

У паведамленні польскага МЗС гаворыццца, што рашэнне аб прыпыненні праграмы Poland. Business Harbour прыняў міністр Радаслаў Сікорскі. Як паведамляецца, праграму не адновяць, "пакуль не будуць прынятыя пастановы для забеспячэння належнай праверкі кампаній і замежнікаў, якія з'яўляюцца яе бенефіцыярамі".

"Паводле ацэнкі Міністэрства замежных спраў, праграма Poland. Business Harbour не апраўдала ўскладзеных на яе надзей. Сярод іншага, у грамадскай прасторы былі выказаныя пярэчанні з нагоды выкарыстання віз, выдадзеных у рамках праграмы, у мэтах, несумяшчальных з яе ўмовамі", — падкрэсліваюць польскія дыпламаты.

Замежнікі (у тым ліку беларусы), якія прэтэндуюць на працу ў IT-сектары ў Польшчы, па-ранейшаму могуць падаваць заявы на польскую візу на агульных падставах, кажуць у МЗС. Для прадстаўнікоў бізнес-сектара (асабліва ў галінах, найбольш запатрабаваных польскай эканомікай) абяцаюць спрашчэнне візавых працэдур.

Як распавядала Еўрарадыё, пра закрыццё праграмы Poland. Business Harbour стала вядома сёння. Беларусы, чые дакументы пайшлі ў візавыя цэнтры, але не паспелі дайсці да польскіх консульстваў, сёння атрымалі паведамленні з просьбай забраць іх.

Праграма Poland. Business Harbour была створаная ў 2020 годзе для беларускіх айцішнікаў і іх сем'яў. Праз год яе пашырылі на грамадзян Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі, Расіі ды іншых краін — усяго іх 44. Аднак пераважна IT-візы атрымлівалі беларусы: паводле ацэнкі польскіх палітыкаў, іх каля 65 тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі