У Мінюсце не ўмеюць лічыць да 6?

Лідэр Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін рыхтуе адкрыты ліст у Міністэрства юстыцыі. Прычынай гэтаму стала заява міністра Віктара Галаванава. Нагадаем, напярэдадні ён паведаміў, што Мінюст мае намер накіраваць у Вярхоўны суд пазоў аб ліквідацыі Партыі камуністаў.

Па словах міністра, 2 студзеня мінуў паўгадавы тэрмін прыпынення дзейнасці партыі. 2 жніўня 2007 года адпаведнае рашэнне прыняў Вярхоўны суд. Але 2 студзеня прайшло толькі 5 месяцаў. Паўгода будзе толькі ў лютым.

Акрамя таго міністр абвінаваціў партыю ў тым, што кіраўніцтва ПКБ так і не здолела выправіць парушэнні, за якія яе дзейнасць была прыпынена. Цяпер Сяргей Калякін збіраецца дабівацца таго, каб міністр адклікаў пазоў.

“Згодна з дзеючым законам аб палітычных партыях, мы павінны не пазней чым за 10 дзён да заканчэння тэрміну прыпынення дзейнасці падаць у Міністэрства юстыцыі дакументы, якія сведчаць аб тым, што мы выправілі парушэнні. Тады наша дзейнасць аднаўляецца аўтаматычна, калі мінае тэрмін прыпынення, адпаведна 2 лютага”.

Па словах Калякіна, за час, калі дзейнасць партыі была прыпынена, ніводзін чыноўнік Мінюста не правяраў партыйныя структуры. Таму ў міністэрства няма падставаў казаць, што парушэнні не былі выпраўленыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі