Вы тут

У Мінску затрыманы Яўген Афнагель

Фота: svaboda.org

Зранку 23 сакавіка ў Мінску затрыманы каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі сябры актывіста.

Тэлефон Афнагеля не адказваў з 16.30 21 сакавіка. Сам актывіст некалькі дзён не выходзіў з кватэры, каб яго не затрымалі. Паведамляецца, што міліцыянты дзяжурылі каля дома актывіста. 

Зранку ў пятніцу, як кажуць знаёмыя Афнагеля, міліцыянты прапанавалі актывісту выйсці з кватэры. У іншым разе яны пагражалі штурмаваць кватэру. 

Афнагель уваходзіў у аргкамітэт святкавання Дня Волі. Ён — прыхільнік шэсця ад плошчы Якуба Коласа, якое не дазволілі ўлады.

Нагадаем, што 21 сакавіка былі арыштаваныя арганізатары шэсця Уладзімір Някляеў, Максім Вінярскі і Вячаслаў Сіўчык. Вінярскі і Сіўчык асуджаныя на 10 сутак арышту, Някляеў — на 5 сутак.