У Мінску святкуюць дзень горада

У Мінску святкуюць дзень горада

У Мінску сёння святкуюць дзень горада — сталіца адзначае 949 гадоў ад моманту першай летапіснай згадкі. Дзень горада традыцыйна святкуюць у пачатку восені. Сёння, 3 верасня пройдуць афіцыйныя ўрачыстасці і шматлікія гулянні. Усяго запланавана каля 90 імпрэзаў.

У 11.00 кіраўніцтва сталіцы ўскладзе кветкі да абеліску “Мінск — горад-герой” на праспекце Пераможцаў. У цырымоніі прыме ўдзел старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац.

У 12.00 у канцэртнай зале “Верхні горад” адбудзецца ўрачыстая шлюбная цырымонія дзевяці пар з розных раёнаў Мінска. У той жа час ля Палацу спорту адкрыецца святочная праграма з удзелам творчых калектываў і майстроў мастацтваў Беларусі. Тут разгарнецца выстава-кірмаш “Горад майстроў”, будуць даваць майстар-класы па прыгатаванні страваў беларускай кухні, а на сцэне выступяць кавер-бэнды. Таксама на гэтай пляцоўцы запланаванае спартовае мерапрыемства “Жалезны пажарны” і міжнародны турнір па сілавым экстрыме Minsk Open Cup-2016.

У Мінскім палацы дзяцей і моладзі на Старавіленскім тракце ў 12.00 пачнецца Свята сям’і, а па вуліцы Сталетава,1, у 12.00 адчыніцца Парк экстрэмальных відаў спорту.

У 13.00 на тэрыторыі Верхняга гораду ўрачыста адкрыюць помнік Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу і Станіславу Манюшку.

У 18.00 каля Палацу спорту пачнецца канцэрт “Класіка любімаму гораду”, у якім выступіць Дзяржаўны сімфанічны аркестр пад кіраваннем Аляксандра Анісімава. Таксама ў рамках канцэрту выступяць папулярныя беларускія выканаўцы.

У той жа час ў тэатры оперы і балета адбудзецца ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу “Мінчанін года”, а затым — канцэрт артыстаў беларускай оперы.

Завяршыць суботнія святкаванні музычна-піратэхнічнае шоў каля Палацу спорту, якое пачнецца ў 22.00.

Святочныя імпрэзы таксама адбудуцца ва ўсіх раёнах горада, у тым ліку каля комплексу “Чыжоўка-Арэна”, у Лошыцкім парку, парках імя Чалюскінцаў, Горкага, Паўлава, 60-годдзя Кастрычніка, ля Палацу чыгуначнікаў, на пляцоўцы каля “Лідо” ў раёне Камароўскага рынка, у парках “Перамога” і “Цівалі”, перадае БелаПАН.

Склад сталічнай міліцыі пераведзены на ўзмоцнены рэжым нясення службы. Месцы масавых мерапрыемстаў будуць агароджаныя, праход да іх будзе ажыццяўляцца праз кантрольна-прапускныя пункты. Туды нельга будзе праходзіць з роварамі, жывёламі, забаронена праносіць прадметы, якія здольныя нанесці цялесныя пашкоджанні.

Грамадзянам рэкамендуюць не браць з сабой вялікіх сумак. Каля Палацу спорту ўсталююць камеры захоўвання, куды можна будзе здаваць вялікую ручную паклажу. Міліцыя таксама рэкамендуе прыходзіць на масавыя мерапрыемствы за 20-30 хвілінаў да іх пачатку. Як звычайна, туды не пусцяць людзей у стане алкагольнага ап’янення.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі