Вы тут

У Мінску суд можа прызнаць матэрыялы сайта 1863x.com экстрэмісцкімі

У Мінску суд Цэнтральнага раёна можа прызнаць матэрыялы сайта 1863x.com экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй. Разгляд справы пачнецца ў чацвер, 25 жніўня, а 14-й гадзіне, інфармуе БелаПАН. Раней праваабаронцы паведамлялі, што працэс будзе праходзіць у адкрытым рэжыме. Меркаванага заснавальніка і адміністратара сайта Эдуарда Пальчыса (Джона Сільвера) у суд, нібыта, не прывязуць, а яго інтарэсы прадставіць адвакатка. Як вядома, ён знаходзіцца ў следчым ізалятары № 1 Мінска і чакае іншага працэсу.

Пальчысу выстаўленае абвінавачванне ў "распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні" (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу) і "распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў" (ч.2 арт. 343). Нядаўна стала вядома, што яго справу разгледзіць Мінскі гарадскі суд. дакладная дата пачатку гэтага працэсу пакуль невядомая. За "распальванне варожасці" Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да шасці месяцаў ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, а за "распаўсюд парнаграфіі" — пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 4 гадоў.

У 2015 годзе 25-гадовы Эдуард Пальчыс, ураджэнец Ліды, з'ехаў з Беларусі ва Украіну, нягледзячы на тое, што быў пад падпіскай аб нявыездзе. Тады якраз праводзілася расследаванне па фактах публікацыі на сайце 1863x.com шэрагу матэрыялаў. Аднак ва Украіне ён не змог уладкавацца. У студзені 2016 года яго затрымалі падчас перасячэння ўкраінска-расійскай мяжы. Некалькі месяцаў беларус правёў за кратамі ў Расіі, а пасля яго перадалі беларускім праваахоўнікам.